Пра гэта Reform.by распавялі працаўнікі кампаніі. Ператрусы і затрыманьні былі ў двух офісах кампаніі — на вуліцы Пятра Глебкі, 11 і Ілімскай, 5.
«У офісе на Глебкі пагром, кабінэт генэральнага дырэктара навыварат вывернулі. Забралі дырэктараў, па бясьпецы, бухгалтара, сакратара. Тыя, хто быў на вуліцы і тыя, чые кабінэты былі з уваходам з другога боку будынку — пад шумок зматаліся дадому», — распавёў суразмоўца выданьню.
Супрацоўнік «Белагра» удакладніў, што сёньня офіс кампаніі на вуліцы Петруся Глебкі працягвае працаваць, але работнікі напалоханыя, а нехта не прыйшоў і вырашыў схавацца, паколькі быў на фота разам з затрыманымі.
«На іншым офісе, які на Ілімскай, страт акрамя бухгалтара з кампутарам быццам няма. Многія сёньня з Глебкі працуюць на Ілімскай. Там спакойна, хаця прыходзілі і туды», — патлумачыў супрацоўнік і адзначыў, што затрыманы экс-вядучы АНТ і кіраўнік прэзыдэнцкага пула Дзьмітры Семчанка працаваў у офісе на Глебкі.
Відавочца ня ведае дакладную колькасьць затрыманых супрацоўнікаў.
«Гендырэктар (Уладзімір Пятроўскі), сакратарка, бухгалтар (Пятроўская, жонка гендырэктара) і бясьпечніка забралі дакладна», — распавёў супрацоўнік кампаніі.
Раней праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозвішчы чатырох затрыманых 29 верасьня супрацоўнікаў кампаніі «Белагра». Гэта
- Кірыл Малянтовіч,
- Дзьмітрый Левянкоў,
- Людміла Гецман,
- Арцём Зубракоў.
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі (прозьвішчаў не называюць) распачатыя крымінальныя справы, «зьвязаныя з наркотыкамі, распальваньнем варожасьці, удзелам у масавых беспарадках 2020 году, аказаньнем спрыяньня экстрэмісцкім фармаваньням». Астатніх затрыманых сёньня будуць судзіць у адміністрацыйных справах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 47 філіялаў у 4 краінах, звыш 1000 супрацоўнікаў. Што вядома пра «Белагра», куды прыйшлі беларускія сілавікіУ офіс кампаніі «Белагра» раніцай 29 верасьня прыйшлі сілавікі, некаторых супрацоўнікаў затрымалі.
Пра гэта Zerkalo.io напісалі некалькі чытачоў, такую ж інфармацыю апублікавалі тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў.
У «Белагра» працуе Дзьмітры Семчанка — журналіст і былы кіраўнік «прэзыдэнцкага пулу», якога раней затрымаў ГУБАЗіК, цяпер ён адбывае арышт.
Як расказалі супрацоўнікі «Белагра», у офіс кампаніі сілавікі прыйшлі каля 9-й раніцы. Кіраўніцтва затрымалі адразу ж, у астатніх супрацоўнікаў пачалі правяраць тэлефоны. Падпісаных на так званыя «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы затрымлівалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 47 філіялаў у 4 краінах, звыш 1000 супрацоўнікаў. Што вядома пра «Белагра», куды прыйшлі беларускія сілавікі