Згодна з дакумэнтамі, пададзенымі ў Фэдэральны суд у Мангэтане, ён наняў трох жанчын, якія аказвалі яму паслугі на тэрыторыі краіны. Адна зь іх нарадзіла яму ў ЗША дваіх дзяцей, сьцьвярджае абвінавачаньне, ужо пасьля таго, як ён трапіў у санкцыйныя сьпісы.
Як паведамляюць агенцтвы Reuters і AP, абвінавачаньне выставілі, акрамя Дзерыпаскі, Вользе Шрыке, Натальлі Бардаковай і Кацярыне Варонінай. Згодна з судовымі дакумэнтамі, Вароніна ў 2020 і 2022 гадах езьдзіла ў ЗША, каб нарадзіць для Дзерыпаскі. Бардакову і Шрыке абвінавацілі ў арганізацыі паездкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі алігарх Дзерыпаска назваў «вар’яцтвам» канфлікт паміж Масквой і КіевамПаводле заявы абвінавачаньня, Дзерыпаска выдаткаваў сотні тысяч даляраў, каб яго дзеці нарадзіліся ў ЗША і скарысталіся плюсамі амэрыканскай мэдычнай сыстэмы і правам на грамадзянства, якое ім аўтаматычна надаецца пасьля нараджэньня.
Акрамя арганізацыі паездкі, Шрыке абвінавачваецца ў тым, што ў 2019 годзе прадала для Дзерыпаскі музычную студыю ў Каліфорніі за 3,1 мільёна даляраў. Яна адзіная арыштаваная з абвінавачаных.
Вашынгтон увёў санкцыі супраць Дзерыпаскі ў 2018 годзе, растлумачыўшы сваё рашэньне тым, што бізнэсовец займаўся «разнастайнай зламыснай дзейнасьцю» па ўсім зямным шары, прадстаўляючы інтарэсы расейскіх уладаў. У прыватнасьці, заяўлялася, што алігарх валодае актывамі і адмывае грошы ў інтарэсах прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Акрамя таго, улады падазравалі яго ў датычнасьці да магчымага ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: OCCRP знайшоў 145 актываў расейскіх чыноўнікаў і алігархаў у Эўропе на 17,5 млрд даляраў. Сярод іх віла Шувалава і вежа ДзерыпаскіДзерыпаска ранейшыя абвінавачаньні ў свой адрас адмаўляў. Увядзеньне абмежаваньняў ён абскардзіў у судзе. У чэрвені 2021 году Фэдэральны акруговы суд у акрузе Калюмбія гэты пазоў адхіліў. Новыя абвінавачаньні супраць сябе Дзерыпаска на момант публікацыі навіны не камэнтаваў.
У абвінаваўчым заключэньні гаворыцца, што пры нараджэньні аднаго зь дзяцей абвінавачаныя напісалі прозьвішча Дзерыпаскі ня так, як ён пішацца, каб схаваць яго бацькоўства.
Часопіс Forbes у 2022 годзе ацаніў багацьце Дзерыпаскі ў 1,7 мільярда даляраў. Пры гэтым сам прадпрымальнік ацэньваў страты ад уведзеных супраць яго санкцый у 7,5 мільярда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітычнае агенцтва Henley&Partners: «Больш за 15 тысяч мільянэраў могуць сёлета пакінуць Расею»