Швэдзкія СМІ пішуць ужо пра чацьвёрты выцек з «Паўночных патокаў». Svenska Dagbladet і Aftonbladet спасылаюцца на зьвесткі берагавой аховы Швэцыі. Чацьвёрты выцек знаходзіцца паміж раней выяўленымі выкідамі з «Паўночнага патоку». Газ ідзе з трубаправоду «Паўночны паток – 2».
Швэдзкая марская адміністрацыя не выпускала дадатковага навігацыйнага папярэджаньня, бо выдадзеныя раней ахопліваюць раён і чацьвёртага выцеку. Яго дыямэтар складае 200 мэтраў.
«Ён ня быў вядомы з самага пачатку і ня быў бачны на радарах, таму што ён меншы. Берагавая ахова ўбачыла яго, калі яны перасякалі гэты раён на караблях і самалёце. Я ня ведаю дакладна, калі, але прынамсі гэта было вядома да абеду ў аўторак», — прыводзіць Aftonbladet словы кіраўніка марской выратавальнай службы Марскога і паветранага выратавальнага цэнтру Марыі Борман.
Упершыню пра выцекі стала вядома на пачатку тыдня. Яны адбыліся ў раёне вострава Борнхальм. Ня выключана, што пашкоджаньні газаправодаў адбыліся ў выніку дывэрсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўночныя патокі» маглі пашкодзіць мэтанакіравана, — крыніца ў нямецкім урадзеРазбурэньні ацэньваюцца як маштабныя. Сэйсмолягі паведамілі пра два або тры выбухі ў раёне выцекаў. Улады Нямеччыны, Даніі і Швэцыі ўжо расьсьледуюць тое, што здарылася як дывэрсію. У Расеі таксама пачалі крымінальную справу.
Газаправоды «Паўночны паток» і «Паўночны паток – 2» маглі быць пашкоджаны з дапамогай дыстанцыйных выбуховых прылад, якія былі ўсталяваныя месяцы або гады таму. Пра гэта паведаміў брытанскі тэлеканал Sky News са спасылкай на крыніцу ў Мінабароны Вялікай Брытаніі.
Паводле інфармацыі крыніцы, міны маглі спусьціць на марское дно на доўгай вяроўцы, выкінуць за борт лодкі або разьмясьціць з дапамогай бесьпілётніка.
Суразмоўца Sky News адхіліў вэрсію, што расейская падводная лодка магла ўсталяваць выбуховыя прылады. Па яго словах, глыбіня Балтыйскага мора не дазваляе зрабіць гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не выпадковае супадзеньне»: ЭЗ адрэагаваў на выцек на газаправодах «Паўночны паток»Паводле зьвестак Der Tagesspiegel, нямецкія службы бясьпекі падазраюць у арганізацыі выбухаў ці Расею, ці Ўкраіну і праўкраінскія сілы. У МЗС Расеі намякнулі на магчымае дачыненьне да выбухаў ЗША. У Пэнтагоне заявілі, што Злучаныя Штаты ня маюць да іх ніякага дачыненьня, паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага амэрыканскага вайсковага чыноўніка.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў: «Мы ня ведаем дэталяў, але выразна бачым акт дывэрсіі». Прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн сказала: «Сапраўды цяжка ўявіць, што ўсё гэта адбылося выпадкова». Міністар замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста папярэдзіў, што судовыя органы правяраюць «усе рухі суднаў у Балтыйскім моры, спрабуючы выявіць любыя праходы каля трубаправоду». Іх словы прыводзіць італьянская газэта Corriere della sera.
Дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван кажа пра «відавочны сабатаж». Пры гэтым эўрадэпутат і былы міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пасьля інфармацыі пра выцекі на расейскіх газаправодах апублікаваў у твітэры фота бурлівага мора з надпісам «Дзякуй, ЗША». А журналіст кансэрватыўнай Fox News Такер Карлсан паказаў ролік ад 7 лютага 2022 году, у якім прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн папярэджваў Пуціна: «Пры ўварваньні Расеі, Nord Stream 2 перастане існаваць».
Экс-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выказаўся пра апошнія падзеі з газаправодам. Ён лічыць, што гэтыя падрывы могуць прывесьці да новай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы адкрылі газаправод, па якім пойдзе газ з Нарвэгіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе зноў прайшла дэманстрацыя за танны газ з Расеі і нэўтралітэт