Дагестан ахапілі масавыя рэпрэсіі за акцыі супраць мабілізацыі

Пратэст супраць мабілізацыі ў Махачкале, Дагестан, 23 верасьня 2022

У Дагестане пасьля акцый супраць мабілізацыі ў суд паступіла звыш 150 пратаколаў, заведзена каля 30 крымінальных спраў.

Як паведамляе праект Радыё Свабода Кавказ.Реалии, пасьля акцый пратэсту ў Савецкі суд Махачкалы паступіла 158 адміністрацыйных спраў, частку зь іх ужо разгледзелі і вярнулі ў паліцыю.

У асноўным фігурантам ставяць у віну ўдзел у няўзгодненай акцыі, якая стварыла перашкоды «функцыянаваньню аб'ектаў жыцьцезабесьпячэньня, транспартнай або сацыяльнай інфраструктуры». Санкцыі артыкулу прадугледжваюць штраф ад 10 да 20 тысяч рублёў ці да 15 дзён арышту.

Пераважная большасьць фігурантаў адміністрацыйных спраў – мужчыны, адзначае выданьне.

Па дадзеных «ОВД-Инфо», па сьлядах пратэстаў супраць мабілізацыі Сьледчы камітэт па Рэспубліцы Дагестан у Махачкале завёў каля 30 крымінальных спраў. Некалькі чалавек ужо адправілі ў СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль адкрыта не выконвае абяцаных умоў «частковай мабілізацыі»

Як паведамляе праект, жыхарам Дагестану Адаму Гаджыеву, Мухаму Магамедаву, Султану Ахмедханаву, Магамеду Ўбайдулаеву і Мураду Алігаджыеву ставяць у віну прымяненьне небясьпечнага для здароўя гвалту ў адносінах да паліцыянта (частка 2 артыкулу 318 КК), а Ісу Абду і непаўналетняга маладога чалавека падазраюць у прымяненьні гвалту, які ня быў небясьпечным для паліцыянта (частка 1 артыкула 318 КК). Ім усім ужо выставілі абвінавачаньні.

Адвакаты «ОВД-Инфо» паведамляюць, што ва ўсіх падабаронных маюцца цялесныя пашкоджаньні: гематомы ў вобласьці вачэй, носа, канцавін, у вобласьці грудной клеткі, барвова-сінюшныя вушы, страсеньні галаўнога мозгу з ЧМТ. У некаторых могуць быць пераломы. Рыхтуецца судова-мэдыцынская экспэртыза па ўсіх пацярпелых затрыманых.

У Махачкале 25 і 26 верасьня прайшлі пратэставыя акцыі супраць мабілізацыі. 25 верасьня было затрымана каля 120 чалавек. На восем зь іх завялі крымінальныя справы, на наступны дзень у паліцэйскія аддзелы даставілі каля 110 чалавек, зь іх сама меней 28 – непаўналетнія. Для разгону акцый сілавікі ўжывалі электрашокеры, дубінкі і пярцовыя балёнчыкі.

Таксама вядома пра затрыманых у Хасаўюрце, дзе таксама прайшоў стыхійны мітынг супраць мабілізацыі, – іх каля 20 чалавек.

25 верасьня на пратэст выйшлі ў кумыцкай вёсцы Эндзірэй Хасаўюртаўскага раёна Дагестана. Удзел у ім узялі больш за сто чалавек, паліцыя адкрыла страляніну ў паветра. Акцыі пратэсту 25 і 26 верасьня прайшлі таксама ў Нальчыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дагестане паліцыя страляла ў паветра, разганяючы акцыю пратэсту супраць мабілізацыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.