Бурэль ад імя Эўразьвязу выказаў глыбокую занепакоенасьць з нагоды пашкоджаньняў, нанесеных абодвум «Паўночным патокам», і магчымых наступстваў для бясьпекі суднаходзтва і навакольнага асяродзьдзя.
«Гэтыя інцыдэнты не выпадковае супадзеньне і ўплываюць на ўсіх нас. Уся інфармацыя, што маецца, паказвае на тое, што выцекі сталі вынікам наўмысных дзеяньняў. Мы падтрымаем любое расьсьледаваньне, накіраванае на высьвятленьне поўнай карціны таго, што і чаму адбылося, і будзем рабіць далейшыя крокі для павышэньня нашай устойлівасьці ў сфэры энэргетычнай бясьпекі. Любое наўмыснае прычыненьне шкоды эўрапейскай энэргетычнай інфраструктуры абсалютна непрымальнае і атрымае жорсткі і аб'яднаны адказ», – заявіў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах.
Як паведамлялася, у ноч на 26 верасьня дыспэтчар берагавой пляцоўкі «Паўночнага патоку – 2» зафіксаваў рэзкае падзеньне ціску ў трубаправодзе. Акрамя таго, выцек газу зафіксаваны з абедзьвюх нітак першага «Паўночнага патоку» — у выключнай эканамічнай зоне Даніі на паўночны ўсход ад вострава Борнхольм. Выцек адбыўся за дзень да запуску Балтыйскага газаправоду, па якім газ з Нарвэгіі будзе паступаць у Польшчу.
У Нямеччыне падазраюць, што ўцечкі газу на галінах расейскіх газаправодаў «Паўночны паток» праз Балтыйскае мора зьяўляюцца наступствам наўмысных дзеяньняў. Данія і Швэцыя таксама мяркуюць, што размова можа ісьці аб дывэрсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўночныя патокі» маглі пашкодзіць мэтанакіравана, — крыніца ў нямецкім урадзе