«З 2016 году Аляксей ваяваў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе імя Чорных Запарожцаў. Ваяваў сумленна і годна, як і шмат іншых вайскоўцаў», — напісала на сваёй старонцы ў Facebook каардынатарка «Мэдыйнай ініцыятывы за правы чалавека» Вольга Рашацілава.
Аляксей стаў трынаццатым грамадзянінам Беларусі, які загінуў ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне загінуў беларускі баец палку «Пагоня»У Беларусі атрымаў 2,5 года няволі за тое, што ваяваў на баку Ўкраіны
Вольга Рашацілава паведаміла, што ў 2019 годзе Аляксей вырашыў паехаць у адпачынак да сваякоў у Беларусь. «Не даехаў. На мяжы Аляксея арыштавалі беларускія кадэбэшнікі, абвінавацілі ў наёмніцтве і засудзілі на два з паловай гады зьняволеньня», — дадала актывістка.
Вольга Рашацілава паведаміла, што пытаньне аб вызваленьні Аляксея Вешчавайлава абмяркоўвалася ў межах трохбаковай кантактнай групы ў Менску ў той час, калі яе ўкраінскую частку ачольваў Леанід Кучма. Але адзінае, чаго змаглі дамагчыся, — пераводу Аляксея з турмы «на пасяленьне, дзе ён адбываў пакараньне ў адносна чалавечых умовах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэтэран батальёну «Айдар» беларусам: «Калі мы разаб’ем акупантаў ва Ўкраіне, у вас зьявіцца шанец, а мы дапаможам»Пасьля вызваленьня вярнуўся ва Ўкраіну
Аляксей Вешчавайлаў выйшаў на волю ў верасьні 2021 году і вярнуўся ва Ўкраіну, дзе яго чакала каханая. Вольга Рашацілава кажа, што яшчэ тады ён паведаміў ёй, што цяпер прыехаў ва Ўкраіну назаўжды.
Аляксей хацеў аднавіцца на службе, але вайсковая выведка Міністэрства абароны Ўкраіны не дазволіла гэтага зрабіць. Не дачакаўшыся аднаўленьня на службе ва Ўзброеных сілах Украіны, ён пайшоў абараняць краіну ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёну і загінуў 26 верасьня пад Бахмутам пад мінамётным абстрэлам.
«Мне вельмі хацелася б, каб Аляксей Вешчавайлаў атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Хаця б пасьмяротна. А ягоная жонка і маленькі сынок мелі ўсе гарантыі і падтрымку, якіх заслугоўвае сям’я Ўкраінскага воіна», — падкрэсьліла актывістка.
«Давайце папросім Уладзіміра Зяленскага ўшанаваць Аляксея Вешчавайлава, беларуса, які „ва Ўкраіне назаўжды“», — заклікала Вольга Рашацілава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час кветак прайшоў». Як жанчыны рыхтуюцца вызваляць БеларусьБеларус паводле грамадзянства, эрзя па нацыянальнасьці
Аляксей Вешчавайлаў быў актывістам грамадзкага руху народаў Паволжа «Свободный Идель-Урал» (Free Idel-Ural), які імкнецца да незалежнасьці Рэспублік Мардовія, Чувашыя, Мары Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану і аб’яднаньня іх у адзін саюз з агульнымі межамі.
Паводле арганізацыі, Аляксей меў пазыўны «Ледзяй». Гэтае мужчынскае імя з эрзянскай мовы перакладаецца як «Жнец». Ён служыў наводчыкам першай інтэрнацыянальнай роты 517-га батальёну першай асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня імя Івана Багуна Ўзброеных сіл Украіны.
Арганізацыя на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла, што «Ледзяй» быў дэлегатам Эрзянскага нацыянальнага зьезду, які мусіць адбыцца ў Эстоніі 30 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я накіраваны вызваліць Беларусь». Добраахвотнік «Менавіта» пра Пазьняка, КДБ, бэйсбол і іранскія мінамёты