Разгляд крымінальнай справы Ксеніі Луцкіной пачаўся 1 верасьня. Працэс узначаліла судзьдзя Тацяна Фалькоўская.
20 верасьня пракурор запатрабаваў пакараць палітзьняволеную журналістку 8 гадамі калёніі. У выніку судзьдзя пагадзілася зь дзяржабвінаваўцам і прысудзіла Ксеніі 8 гадоў калёніі паводле ч.1 арт. 357 КК («змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), паведамляе «Вясна».
21 верасьня Ксенія Луцкіна выступіла з апошнім словам. Яна папрасіла суд аб гуманнасьці і нагадала, што дома яе чакае непаўналетні сын:
«Яму патрэбна маці. Ня сябар, ня проста дарослы побач, а маці. Чалавек, які кожны дзень дорыць пачуцьцё неабмежаванай любові, адчуваньне бясьпекі, дорыць тое самае дзяцінства. Больш за ўсё я хачу вярнуць веру ў дабрыню і справядлівасьць. Я хачу выхаваць чалавека, грамадзяніна, які ўмее рабіць правільныя высновы».
У апошнім слове Луцкіна таксама адзначыла, што мае патрэбу ў мэдычным абсьледаваньні і дапамозе лекараў.
У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана пастаянна прымаць абязбольвальнае.
Журналістку Ксенію Луцкіну затрымалі ў сьнежні 2020-га па «справе Прэс-клюбу»: яе абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў» (пасьля закрыцьця гэтай справы распачалі новую).
Раней яна працавала на Беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, але сышла адтуль на хвалі пратэстаў, далучылася да дзейнасьці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з Радай і стала падставай для завядзеньня крымінальнай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык, кінадакумэнталістка, былая супрацоўніца БТ. Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якой пагражае 12 год турмыАбвінавачваньне настойвае, што журналістка спрабавала стварыць грамадзкае беларускае інтэрактыўнае тэлебачаньне для «ўтойваньня і скажэньня рэальных фактаў, эскаляцыі пратэставай актыўнасьці, стымуляваньня расколу ў беларускім грамадзтве, фармаваньня ў людзей нэгатыўнай думкі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў».
Сьледзтва таксама сьцьвярджае, што абвінавачаная рыхтавала і рэдагавала тэксты заяваў, зваротаў, іншых публічных выступаў і публікацый ад імя Каардынацыйнай рады.
У Каардынацыйнай радзе прысуд Луцкіной назвалі «нашым агульным болем». «Відавочна, што ў рэжыму асаблівае стаўленьне да яе, як і да ўсіх прафэсійных журналістаў. Дыктатура баіцца гэтай сьмелай прынцыповай жанчыны, якая насуперак усім абставінам адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні. Ксюша проста хацела займацца незалежнай журналістыкай — стварыць тэлеканал МОСТ, які б аб'яднаў беларусаў і згладзіў усе супярэчнасьці паміж людзьмі з розным сьветапоглядам. Але абʼяднаная Беларусь — гэта жах для дыктатуры», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты