«Мы ня можам уявіць сцэнар, у якім гэта не было б мэтанакіраванай атакай», — сказаў суразмоўца выданьня. Каб пацьвердзіць вэрсію, неабходна дасьледаваць марское дно з дапамогай падводных лодак і вадалазаў.
Паводле інфармацыі Tagesspiegel, цяпер разглядаюцца дзьве гіпотэзы. Згодна з першай, газаправоды пашкодзіла Ўкраіна або зьвязаныя зь ёй сілы, каб газ з Расеі паступаў у Эўропу толькі праз украінскія газаправоды або газаправод «Ямал» па тэрыторыі Польшчы.
Па другой вэрсіі, газаправоды былі пашкоджаныя Расеяй «пад чужым сьцягам», каб абвінаваціць у дывэрсіі Ўкраіну, пагоршыць энэргетычны крызіс і, магчыма, яшчэ больш падняць цану на газ.
У ноч на 26 верасьня апэратар «Паўночнага патоку – 2» паведаміў, што ціск у газаправодзе ўпаў са 105 бар да 7. Хоць «Паўночны паток – 2» так і ня быў уведзены ў эксплуатацыю, яго пасьпелі запоўніць 300 мільёнамі кубамэтраў газу — Нямеччына адмяніла запуск з прычыны прызнаньня Масквой так званых «ДНР» і «ЛНР».
Увечары таго ж дня апэратар «Паўночнага патоку – 1» таксама зафіксаваў падзеньне ціску на абедзьвюх нітках газаправоду. Аб прычынах не паведамлялася. Пашкоджаньні адначасова трох нітак сыстэмы газаправодаў «Паўночны паток» апэратар назваў «беспрэцэдэнтным». Выцек адбыўся за дзень да запуску Балтыйскага газаправоду, па якім газ з Нарвэгіі будзе паступаць у Польшчу. Такім чынам Варшава імкнецца цалкам адмовіцца ад расейскай сыравіны.
Крэмль не выключае варыянту дывэрсіі. Да расьсьледаваньня здарэньня падключыліся Данія і Швэцыя. Рамонт газаправодаў можа заняць некалькі гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: пасьля анэксіі акупаваных абласьцей Ўкраіны Расея актывізуе мабілізацыю мясцовых жыхароў