Зьняволены журналіст Павал Мажэйка атрымаў першы ліст і даслаў першы адказ, напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку жонка палітвязьня Ірына Чарняўка.
Яна апублікавала фрагмэнт ліста з наступнымі словамі: «Дарагія мае! Просьба да ўсіх дарослых: адпусьціце гэтую сытуацыю, не нагнятайце, ня думайце пра яе шмат, іначай яна зьесьць вас знутры. Жыцьцё ідзе далей; працягвайце яго так, каб было што мне расказаць, калі мы сустрэнемся :)»
«Гэтыя словы мне дадаюць сілаў», — напісала Ірына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня той паварот, на які нам трэба ўскладаць нейкія чаканьні», — Андрэй Кузьнечык пра амністыюКіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня. Празь нейкі час яго перавялі ў СІЗА.
Перавод у СІЗА азначае, што яму выставілі абвінавачаньне і выбралі меру стрыманьня — зьмяшчэньне ў сьледчы ізалятар.
20 верасьня праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў Паўла Мажэйку палітзьняволеным. Адзначаецца, што яго ўзялі пад варту за рэалізацыю свабоды выказваньня думак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амністыя як дараваньне скрозь зубы. Чаму нельга чакаць ад Лукашэнкі літасьці і спагадыУ сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку ўжо затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады журналіста вызвалілі пасьля 72 гадзін.
Павал Мажэйка — вядомы горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў грамадзка-культурнага жыцьця гораду. У 2002 годзе яго асудзілі на два гады «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку ў артыкуле ў газэце «Пагоня» пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара ды іншых апанэнтаў уладаў. Мажэйка кіраваў «Цэнтрам гарадзкога жыцьця» Горадні, які ўлады зьліквідавалі летам 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты