Макей заявіў пра магчымасьць зьяўленьня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, «калі таго запатрабуе сытуацыя»

Уладзімер Макей і Аляксандар Лукашэнка

Паміж Беларусьсю і Расеяй існуе дамоўленасьць аб тым, што «пэўныя тыпы самалётаў», якія знаходзяцца на ўзбраеньні беларускай арміі, «будуць мадэрнізаваныя і аснашчаныя, у тым ліку, адпаведнымі сродкамі дастаўкі ядзернай зброі».

Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей у інтэрвію расейскаму інфармагенцтву РИА Новости.

«Ня выключаны і іншыя нейкія варыянты, — сказаў ён. — Але, я так разумею, што ўсё будзе залежаць ад паводзінаў нашых партнэраў, ад непасрэдных пагрозаў для Беларусі і Расеі. І калі такія крокі з боку нашых заходніх партнэраў будуць зробленыя, то мы, зразумела ж, разам з Расеяй будзем выпрацоўваць адэкватныя меры рэагаваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: ядзерную зброю разьмесьцяць у Беларусі толькі ў выпадку пагрозаў з боку Захаду

Разам з тым Макей удакладніў, што ня можа ўзяць на сябе адказнасьць гаварыць аб разьмяшчэньні ядзернага ўзбраеньня ў Беларусі. «Але я ведаю, што гэтыя пытаньні абмяркоўваліся нашымі кіраўнікамі і па лініі міністэрстваў абароны. І, думаю, што, калі таго запатрабуе сытуацыя, то нашыя краіны будуць гатовы пайсьці на самыя рашучыя крокі, каб гарантаваць надзейную бясьпеку для нашых краінаў, для нашых народаў», — падкрэсьліў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Лукашэнка верне ядзерную зброю ў Беларусь? Меркаваньне Юрыя Дракахруста

На пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў, Макей адказаў: «Ніхто ня ведае, што можа адбыцца і нельга нічога выключаць у будучым з улікам непрадказальнасьці разьвіцьця сытуацыі, непрадказальнасьці паводзінаў нашых партнэраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаўленьне татальна адмоўнае». Сацыёляг тлумачыць, што беларусы думаюць пра вайну

«Але на дадзены момант з улікам таго высокага ўзроўню ваенных тэхналёгіяў, які дасягнуты сёньня, я думаю, што няма асаблівага сэнсу ў разьмяшчэньні дадатковых замежных, у дадзеным выпадку, расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. Дастаткова разьмясьціць адпаведную тэхніку ў Смаленскай вобласьці, ці недзе яшчэ, і гэта будзе, магчыма, нават больш эфэктыўна выглядаць, чым разьмяшчэньне канкрэтных расейскіх базаў у Беларусі», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.