Прыпыніць сяброўства Расеі ў Радзе бясьпекі ААН — афіцыйная пазыцыя Эўразьвязу

Старшыня Рады Эўразьвязу Шарль Мішэль падчас візыту ва Ўкраіну, Кіеў, 20 красавіка 2022

Заклікаўшы прыпыніць сяброўства Расеі ў Радзе бясьпекі ААН, кіраўнік Рады ЭЗ Шарль Мішэль выступіў ад імя ўсіх краін Эразьвязу, заявілі ў зьнешнепалітычнай службе ў Брусэлі.

Пра гэта паведамляе DW.

Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, выступаючы на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН 23 верасьня, заклікаў прыпыніць сяброўства РФ у Радзе бясьпекі ААН. «Калі сталы чалец Рады бясьпекі ААН пачынае несправакаваную і нічым не апраўданую вайну, вайну, асуджаную Генэральнай асамблеяй ААН, — прыпыненьне яго сяброўства ў Радзе бясьпекі ААН павінна быць аўтаматычным», — заявіў Мішэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я буду гаварыць ад імя беларусаў», — Ціханоўская пра свой удзел у Генэральнай асамблеі ААН

Расея дыскрэдытаваная як сталы чалец Рады бясьпекі ААН, заявіў сёньня афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана на брыфінгу ў Брусэлі. Паводле яго, пачынаючы нават ня зь лютага 2022 году, а з моманту анэксіі Крыму і забурэньняў на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе, Расея паказвае, што не зьяўляецца адказным чальцом міжнароднай супольнасьці.

«Пасьля нядаўніх пагрозаў ужыць ядзерную зброю Расея цалкам дыскрэдытавала сябе як сталы чалец Рады бясьпекі ААН, — падкрэсьліў ён. — Бо на сталых чальцах гэтай Рады ляжыць абавязак і адказнасьць задаваць напрамак, у якім рухаецца сьвет, вызначаць, будзе ў ім панаваць мір — або вайна і зьнявага статуту ААН».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША: Пуцін выступіў з адкрытымі ядзернымі пагрозамі

Пэтэр Стана адзначыў, што Шарль Мішэль, які ўзначальвае Раду ЭЗ, выступіў з заклікам прыпыніць сяброўства РФ у Радзе бясьпекі ААН ад імя ўсіх краін, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.

Сярод пяці сталых чальцоў Рады бясьпекі ААН пасьля «Брэксыту» засталася толькі адна краіна, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, — Францыя. Астатнія дзяржавы-чальцы Рады — Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай і Расея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што прызнаньне Менскам рэфэрэндумаў на акупаваных землях Украіны залежыць ад «нацыянальных інтарэсаў»