Цалкам гутарку глядзіце на ютубе. Ніжэй прыводзім некаторыя выказваньні з размовы.
«Тыя сустрэчы, пра якія мы прасілі, — усе адбыліся»
«Мы дамагліся таго, што падчас Генасамблеі ААН абмяркоўвалася Беларусь, таму што за падзеямі ва Ўкраіне і Расеі, за падзеямі, зьвязанымі з харчовым і энэргетычным крызісам, Беларусь сышла на пяты, шосты, або і пятнаццаты плян.
Мы дамагліся таго, што прынамсі ў пяці выступах кіраўнікоў дзяржаваў гучала Беларусь. Гэта і канцлер Шольц, і кіраўнікі балтыйскіх краін. Ісьляндыя ўвогуле абазначыла, што Сьвятлана Ціханоўская прадстаўляе беларускі народ у сваім выступе.
Нам удалося правесьці некалькі сустрэч па канкрэтных тэмах з прадстаўнікамі больш як 15 краінаў. Адно мерапрыемства адбылося ў эстонскім прадстаўніцтве, другое ў прадстаўніцтве Эўразьвязу. Таксама адбыліся сустрэчы з асноўнымі міжнароднымі арганізацыямі, якія працуюць зь Беларусьсю, — Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, Рада Эўропы, Эўракамісія і прадстаўнікі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Тыя сустрэчы, пра якія мы прасілі — усе адбыліся. Ёсьць канкрэтныя дамоўленасьці, пра якія мы будзем расказваць бліжэйшым часам».
«Гаварылі з Урзуляй фон дэр Ляен пра тое, каб ужо пачаць рэалізоўваць ўсёабдымны плян дапамогі Беларусі»
«Важнай была сустрэча з кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен. Там гаворка ішла пра пашырэньне ўсёабдымнага пляну дапамогі Беларусі. Ён быў выпрацаваны ў мінулым годзе і прэзэнтаваны камандамі Ціханоўскай і фон дэр Ляен. Гаварылі, каб зрабіць гэты плян больш рэалістычным, напоўніць яго зьместам, магчыма, павялічыць, а можа і пачаць рэалізоўваць раней, не чакаючы пераменаў у Беларусі, а пачынаць яго выкарыстоўваць ужо зараз на нейкія інфраструктурныя праекты.
Была важная сустрэча з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Бурыч. Сьвятлана Ціханоўская агучвала свае прапановы па складзе групы. Прапанова ад Беларусі — 10 чалавек. 5 ад грамадзянскай супольнасьці і 5 ад палітычных структураў. Гэта беспрэцэдэнтна. Гэта будзе група ад імя Беларусі, ня ўрад, а грамадзянская супольнасьць, якая будзе камунікаваць з наднацыянальнай структурай. Самі эўрапейцы зьдзіўленыя, як нам гэта ўдалося.
Была кароткая сустрэча зь віцэ-прэзыдэнтам META Нікам Клегам, з кіраўніцтвам Google, кіраўнікамі праграмы Defend Democracy пра дапамогу журналістам.
«Ціханоўская і Макей ішлі насустрач адно аднаму»
«У Макея там была трошкі іншая мадальнасьць удзелу. Дэлегацыю рэжыму там прызнаюць не як Беларусь, а як «Расея+1». Усе нават жартуюць, што гэты іхны плюс — яны галасуюць як Расея, выступаюць як Расея, паўтараюць тыя самыя пасланьні. Відэазвароту Зяленскага пабаяліся чатыры краіны: Паўночная Карэя, Эрытрэя, Сырыя і лукашэнкаўская Беларусь.
Калі Макей выходзіў з дэлегацыяй з будынку Генасамблеі, мы акурат туды заходзілі. Я адразу яго пабачыў і кажу Сьвятлане, што вось ідзе Макей, яны пабачылі адно аднаго, яны ішлі, па сутнасьці, насустрач адно аднаму. Я гукнуў: «Спадар Уладзімер», заклікаўшы яго паразмаўляць. Ён паглядзеў, разьвярнуўся і пашыбаваў далей на выхад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралельная дыпляматыя. Пра што сьведчаць заявы Макея ў кулюарах ААН«Мы былі б ня супраць паразмаўляць з Макеем»
«Макей ня быў у настроі гаварыць, але, у прынцыпе, мы былі б ня супраць паразмаўляць. Нам усё зразумела пра яго матывацыю і ўсё зразумела пра Лукашэнку, але ў нас ёсьць унікальная сытуацыя, якая створаная найперш геапалітычнай рэальнасьцю, у якой мы можам дамагчыся пераменаў.
Як бы гэта ні гучала дзіўна, у нас шанцаў перамагчы цяпер ня менш, а можа нават больш, чым у 2020 годзе. Гэта зьвязана і са слабасьцю Лукашэнкі, і з супрацівам беларусаў, і са зьменай геапалітычнай рэальнасьці. Дамагчыся вываду расейскіх войскаў, вызваленьня палітвязьняў і выбудоўваньня дарожнай мапы па дэмакратызацыі Беларусі магло б быць рэалістычным.
Кажуць, што Макей нічога не вырашае і што ён далёкі ад кабінэта Лукашэнкі, дзе прымаюцца рашэньні, але ў любым разе такі працэс мог бы пачацца. У нас ёсьць свае ўмовы, а такі дыялёг ня значыць, што мы адступаем ад сваіх прынцыпаў. Умовы — гэта вызваленьне людзей і вывад расейскіх войскаў. І гэтыя ўмовы застаюцца нязьменнымі і прынцыповымі».
«Макей сьпяваў старую песьню, што „трэба ратаваць Лукашэнку ад Расеі“»
«Міністры, зь якімі хацеў сустрэцца Макей, паведамлялі нам, што ёсьць такі запыт. Яны ўдакладнялі ў нас, ці ня супраць мы, калі такая сустрэча адбудзецца. І мы казалі, што мы ня супраць. Нам самім цікава пачуць, якая пазыцыя і наратыў у рэжыму цяпер і што ён зьбіраецца прадаваць Захаду. Нам трэба быць у курсе.
Нічога надзвычайнага не было. Макей сьпяваў старую песьню, што «трэба ратаваць Лукашэнку ад Расеі, бо мы ня хочам, каб было як ва Ўкраіне». Ён казаў пра лібэралізацыю і нармалізацыю. Казаў, што нібыта ўжо вызвалілі палітвязьняў і што працэс працягваецца. Ён казаў і пра санкцыі. Пра гэта ён размаўляў і з генэральным сакратаром ААН, і зь міністрамі і палітыкамі іншых дзяржаваў, што трэба здымаць санкцыі з «калійкі». Для рэжыму гэта самае балючае, гэта недаатрыманыя сотні мільёнаў, калі не мільярды, даляраў. І, карыстаючыся харчовым крызісам, яны спрабуюць дамагчыся адмены санкцый, маўляў, яны вядуць да голаду ў Афрыцы.
Учора на старонцы МЗС напісалі, што ў іх сышліся пазыцыі з генсакратаром ААН, але першае, пра што ён сказаў Макею, — гэта пра вызваленьне палітвязьняў. Але МЗС Лукашэнкі вырашыў пра гэта далікатна прамаўчаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ведаючы беларусаў, я думаю, гэта скончыцца нейкім выбухам». Сьвятлана Алексіевіч — пра Расею, дыктатараў і вайну ва Ўкраіне. Відэа«Захад ужо ня купіцца на абяцаньні бязь дзеяньняў»
«Прадстаўнікі Захаду казалі Макею пра палітвязьняў. Гэта была першая ўмова. Некаторыя перадалі сьпіс з асабліва цяжкім станам, якія цяпер у турмах і якіх трэба ратаваць. Гаварылі пра перамовы, каб вырашыць крызіс. Усе нашыя суразмоўцы займаюць прынцыповую пазыцыю. Пасьля таго як яны апякліся пасьля 2010 году, яны больш ня маюць намеру ўступаць у гэтую раку ізноў. Яны ня купяцца на абяцаньні бязь дзеяньняў».
«Мы прапануем Лукашэнку выхад з кута»
«Дыктатар загнаны ў кут, і выхаду з гэтага кута ў яго ня бачна. Мы ж гэты выхад яму прапануем — гэта дарожная мапа. Вызваліць усіх, заявіць пра няўдзел Беларусі (у вайне. — РС) і вывесьці расейскія войскі зь беларускай тэрыторыі, і сысьці. Пры гэтым адказныя за рэпрэсіі і памагатыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Потым утвараецца перамоўная група, якая рыхтуе працэс правядзеньня новых выбараў і дэмакратычных рэформаў. А Макей і Лукашэнка прапануюць перагарнуць старонку, забыць пра выхад людзей у 2020 годзе, палітвязьняў, падтрымаць Лукашэнку, зьняць санкцыі — і тады ён выратуе Беларусь ад Расеі. Мы не гатовыя перакрэсьліваць два гады і будзем настойваць, што ён нелегітымны».