Зьняволенага журналіста Анджэя Пачобута перавялі ў СІЗА ў Горадні, паведамляе БАЖ.
Імаверна, у Горадні пройдзе разгляд так званай «польскай справы», у межах якой вінавацяць журналіста.
Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі 1,5 года. Зьняволены мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Паведамлялася, што ён моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.
Польскі міністар замежных спраў Зьбігнеў Раў нядаўна пракамэнтаваў сытуацыю з палітзьняволеным журналістам, актывістам неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам:
«Польшча абсалютна не зьмірылася і ніколі ня зьмірыцца з парушэньнем правоў чалавека або з тым, што ў Беларусі з прадстаўнікамі польскай меншасьці абыходзяцца як з закладнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту і актывісту Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту выставілі новае абвінавачаньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: сваякі Аўтуховіча зьбіраюць грошы на адваката, Пачобут чакае перадачы справы ў суд ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: Варшава ня зьмірыцца з тым, што ў Беларусі з прадстаўнікамі польскай меншасьці абыходзяцца як з закладнікаміХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.