22 верасьня ў Бібліятэцы Вацлава Гавэла ў Празе адбылася прэзэнтацыя чэскага перакладу раману Віктара Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам». Раман пераклаў Макс Шчур, а апублікавала выдавецтва Pavel Mervart, якое нейкі час таму выдала таксама пераклад эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам».
Як мне думаецца, раман «Роджаныя пад Сатурнам» усё яшчэ патрабуе саліднай прэзэнтацыі і беларускаму чытачу, а ня толькі чэскаму. Напісаў яго ў другой палове 1920-х гадоў Віктар Вальтар (1902–1931), беларус з Латгаліі, які ў першай палове 1920-х гадоў стаў стыпэндыятам чэскага ўраду і прыехаў у Прагу, дзе вучыўся ў Чэскім тэхнічным унівэрсытэце. Захварэўшы на сухоты, ён пакінуў навучаньне пасьля трох гадоў і вярнуўся ў Латвію, там настаўнічаў у беларускіх школах ажно да свае заўчаснае сьмерці.
Раман «Роджаныя пад Сатурнам» заснаваны на аўтабіяграфічным матэрыяле і расказвае пра студэнцкае жыцьцё галоўнага героя, Пётры Тугоўскага, у чэскай сталіцы. У аповедзе выступаюць таксама пад уласным прозьвішчамі тагачасныя дзеячы БНР, якія знайшлі прытулак у Празе: Пётра Крачэўскі, Янка Станкевіч, Тамаш Грыб, Мікалай Вяршынін.
Па-свойму цікавы шлях раману Вальтара да беларускага чытача. Яго выданьне рыхтавалася ў Латвіі ў пачатку 1930-х гадоў, але грошай тады не сабралі. Раман у той час перапісалі вучні Дзьвінскай беларускай гімназіі і разаслалі ў некаторыя бібліятэкі. У гэтым вучнёўскім рукапісе, месцамі нечытэльным, тэкст раману на мікрафільме трапіў зь бібліятэкі Акадэміі навук Літвы ў Вільні на Беларусь. У 1991–1992 гг. раман апублікавала газэта «Голас Радзімы», друкуючы яго цягам сямі месяцаў у сваіх чарговых нумарах.
Раман спрабавалі апублікаваць кнігай у выдавецтвах «Юнацтва» і «Мастацкая літаратура», але не знайшлі сродкаў. У 2005 годзе «Роджаных пад Сатурнам», у падкарочаным выглядзе, апублікаваў у некалькіх нумарах часопіс «Дзеяслоў». Урэшце ў 2009 годзе «Кнігазбору» ўдалося сабраць грошы і выдаць раман у томе «Выбраных твораў» Віктара Вальтара.
У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел чэскі гісторык Пэтр Главачэк, які выконваў абавязак мадэратара сустрэчы, чэская беларусістка Яна Коліяшава, польскі мовазнаўца-беларусіст Мірослаў Янковяк і перакладчык Макс Шчур. На вечарыне прысутнічалі больш за тры дзясяткі чалавек, у іх ліку выдавец Павэл Мэрварт.
Пэтр Главачэк расказаў прысутным на вечарыне пра ролю, якую выконвала Чэхаславаччына ў 1920-х гадах у набыцьці вышэйшай адукацыі беларусамі з Заходняй Беларусі, Латвіі і Літвы, даўшы ім адпаведныя ўрадавыя стыпэндыі. Ён таксама моцна падкрэсьліў, што якраз у 1920-х чэхі пачалі ўпершыню ўсьведамляць, што беларусы — гэта нешта асобнае ад расейцаў.
Пра «Роджаных пад Сатурнам» Пэтр Главачэк сказаў, сярод іншага:
«Гэта раман пра Прагу, раман пра розныя эміграцыі, якія тады ў Празе апынуліся, раман пра беларускую супольнасьць, раман пра маладога чалавека, які ня ўпэўнены ў самім сабе, а таксама раман пра беларускіх жанчын таго часу. Чытаючы яго, я ня мог ня думаць пра тое, што праз 100 гадоў пасьля апісаных у рамане падзей жанчыны ў Беларусі ўзялі ў свае рукі лёс беларускіх пратэстаў. Думаю, што гэта ня толькі забытая пэрліна сярэднеэўрапейскай літаратуры, але і шмат у чым актуальны тэкст».
Мірослаў Янковяк, які ў Празе выдаў кнігу пра беларускія гаворкі ў Латгаліі на аснове сваіх палявых дасьледаваньняў, пазнаёміў прысутных з сытуацыяй беларусаў у міжваеннай Латвіі, дзе ў 1920-х гадах існавала сетка беларускіх пачатковых школаў, працавалі чатыры беларускія гімназіі і дзейнічалі два беларускія тэатры.
Яна Коліяшава гаварыла пра вобраз Прагі 1920-х у рамане Віктара Вальтара, які, паводле яе, можа быць тым наймацнейшым магнітам, што прыцягне цікавасьць чэскага чытача да гэтай кнігі.
Макс Шчур, як і Яна Коліяшава, зьвяртаў увагу на тое, што раман «Роджаныя пад Сатурнам» сваёй мовай і сваім стылем выбіваецца па-над узровень беларускай прозы, што пісалася і выдавалася ў 1920-х гадах. Калі б ня ведаць нічога пра аўтара, то з самога тэксту і спосабу апавяданьня цяжка было б здагадацца, што ён зьявіўся амаль 100 гадоў таму. Ён напісаны вельмі па-сучаснаму, аўтарам, які сваёй арыентацыяй у культуры і духоўным жыцьці свайго часу таксама прыкметна выбіваўся па-над сярэдні ўзровень.
Пра тое, чаму ён узяўся перакладаць «Роджаных пад Сатурнам» на чэскую мову, Макс Шчур сказаў, сярод іншага, наступнае:
«Я думаю, што сэнс чытаньня колішніх кніг таксама ў тым, каб лепш зразумець самога сябе. Нам здаецца, што шмат што ў нашым жыцьці трапляецца ўпершыню. Але калі чытаеш такую кнігу, як „Роджаныя пад Сатурнам“, то лішні раз пераконваесься ў слушнасьці прымаўкі nihil novi sub sole. Існуе нешта, што можна назваць агульнай нацыянальнай сьвядомасьцю ці ідэнтычнасьцю. Гэта даволі прыемная рэч, калі пачынаеш пазнаваць сябе самога ў падзеях мінуўшчыны, у нейкіх каштоўнасьцях мінуўшчыны, у мінулых героях. Я меў тое шчасьце, што ў асобе Віктара Вальтара я знайшоў, скажам так, інтэлектуальнага партнэра, лёс якога нагадваў мне крыху мой уласны. Гаворачы агульна, мой шлях да беларускасьці пралягаў праз замежжа і эміграцыю, таму што ня толькі я, але і бацькі маёй маці жылі даволі доўга ў эміграцыі, 30 гадоў. Цяпер я і іншыя беларусы жывем у тым самым горадзе, дзе жыў Віктар Вальтар. Дзякуючы таксама яму мы маем свае карані ў Чэхіі. І дзякуючы гэтаму мы — складовая частка Эўропы і эўрапейскай гісторыі».