У канфэрэнц-залі Музэя беларускага кнігадрукаваньня 22 верасьня адбылася прэзэнтацыя новага музэйнага прадмета — мяча XV-XVI стст. (часоў ВКЛ), паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Унікальную знаходку знайшоў пажарны Полацкага аддзела МНС Аляксандр Брыль у жніўні сёлета падчас падводнай рыбалкі. У рацэ Дзьвіне на глыбіні каля 3 мэтраў на ўчастку паміж мостам у раёне Запалоцьця і вёскі Чарнешчына мужчына знайшоў меч.
«Вырашыў парыбачыць, пашукаць сома на глыбіні, а тут такая знаходка. Выцягнуў, адразу думаў, што гэта навадзел, але потым пачытаў. Выявілася, што зброя часоў Сярэднявечча», — падзяліўся Аляксандр.
Пасьля ён аднёс меч на працу, а начальнік Полацкага падразьдзяленьня МНС Сяргей Аваднёў перадаў яго ў музэйны збор Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка.
Але, перш чым музэйны прадмет стане экспанатам, яму неабходна прайсьці інвэнтарызацыю, навуковае вывучэньне і рэстаўрацыю.
«Знаходка вельмі цікавая, раней у нас такіх не было. Гэта своеасаблівая пячатка часу. Агульная даўжыня мяча 128 см, вага прыкладна 1,6 кг. У выніку дасьледаваньня хімічнага складу мяча ўстаноўлена, што лязо і гарда выраблены з загартаванай высокавугляроднай сталі, а наверша — зь незагартаванага жалеза. Матэрыялам для вырабу інкрустацыі стала двухкампанэнтная латунь без дадатковых прымешак», — расказаў рэстаўратар Аляксандар Волкаў.
Работы па рэстаўрацыі і вывучэньні музэйнага прадмета працягваюцца.