Парлямэнт Латвіі ўзмацніў правілы выдачы часовых дазволаў на жыхарства для грамадзян Беларусі

Парлямэнт Латвіі ў канчатковым чытаньні зацьвердзіў папраўкі да іміграцыйнага закону, які сярод іншага ўзмацняе правілы выдачы часовага дазволу на жыхарства (ЧДЖ) для грамадзянаў Беларусі.

Паводле інфармацыі парталу Delfi, міністар унутраных справаў будзе прымаць рашэньне аб выдачы ЧДЖ, калі гэта «адпавядае інтарэсам Латвіі, міжнародным прававым нормам або зьвязана з гуманітарнымі меркаваньнямі».

Беларус можа запрошваць ЧДЖ тэрмінам ня больш за 6 месяцаў, калі ён зьяўляецца сваяком грамадзяніна, неграмадзяніна Латвіі ці іншаземца са сталым ЧДЖ.

Акрамя таго, беларускі грамадзянін можа прэтэндаваць на ЧДЖ на тэрмін ня больш за пяць гадоў, «калі ён зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, зарэгістраваным у Камэрцыйным рэгістры».

Самазанятыя грамадзяне Беларусі маюць права на атрыманьне ЧДЖ на тэрмін не больш за адзін год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прабачце, але ідзе вайна». Латвія да лета 2023 спыняе выдачу новых відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расеі

Дазвол на жыхарства, які дзейнічае да трох гадоў, могуць атрымаць грамадзяне Беларусі, пераведзеныя ў латвійскія аддзяленьні кампаніяў на пасаду мэнэджара або спэцыяліста.

Навукоўцы зь беларускім грамадзянствам маюць права на латвійскі ЧДЖ на тэрмін, указаны ў дамове з навуковай установай, але ня больш як на пяць гадоў.

Студэнты акрэдытаваных у Латвіі адукацыйных устаноў могуць атрымаць ЧДЖ на пэрыяд навучаньня плюс дадатковыя чатыры месяцы.

Дазвол на часовае пражываньне ў Латвіі таксама могуць атрымаць уладальнікі картаў сталага рэзыдэнта іншых краінаў ЭЗ, заснавальнікі стартапаў і іншыя.