У дакумэнце, падпісаным першым намесьнікам прэм’ер-міністра Мікалаем Снапковым, гаворыцца пра тое, што забарона будзе дзейнічаць яшчэ паўгода.
Раней урад ужо ўводзіў паўгадовую забарону на вываз з краіны тавараў па 254 таварных кодах. Ён дзейнічаў з 22 сакавіка.
Новай пастановай забараняецца вываз тавараў у краіны ЭAЭC і за межы ЭAЭС. З забароны зроблены выключэньні. Напрыклад, яна не распаўсюджваецца на тавары, якія маюць сэртыфікат аб беларускім або расейскім паходжаньні, якія вывозяцца па ўзгадненьні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіраваньня, а таксама па ліцэнзіях і інш. Дакумэнтам вызначаны парадак выдачы дазволаў і ліцэнзій.
У пералік тавараў, вываз якіх забараняецца, унесены гіпс, матэрыялы для стаматалёгіі, плястылін, фарбы, эмалі, дэзынфэкцыйныя сродкі, прадукцыя з гумы, розная шкляная тара, адходы і лом сталі, мэталаў, мэталапрадукцыя, рухавікі, турбіны, розныя машыны і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў на тры месяцы забаранілі вывозіць з краіны грэчку і мукуЭмбарга на прадукты з ЭЗ
Пры гэтым улады Беларусі паступова адмяняюць эмбарга на прадукты з Эўразьвязу. З 27 красавіка яны дазволілі завозіць зь «недружалюбных» краін яблыкі, грушы, гарбузы, баклажаны, баўгарскі перац, рукалу, шпінат.
У чэрвені з-пад эмбарга вывелі абрыкосы, сьлівы, нектарыны, хурму, а таксама летнія ягады — вішні і чарэшні. 30 жніўня забарону на ўвоз зьнялі з пэкінскай капусты, сельдэрэю, клемэнтынаў і ківі, а таксама з замарожаных абрыкосаў і пэрсікаў.
Пад забаронай на ўвоз усё яшчэ застаюцца малако і малочныя вырабы, мяса, кандытарскія вырабы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фарба для валасоў, гішпанская садавіна, польскія карнішоны. Якія прадукты і тавары зьніклі ў Беларусі