Законапраект распрацаваны ўрадам, ён ужо паступіў у Палату прадстаўнікоў і ўключаны ў парадак дня сэсіі, што пачалася 20 верасьня.
Згодна зь ім грамадзянства могуць забраць «у сувязі з наяўнасьцю прысуду суду Рэспублікі Беларусь, які пацьвярджае ўдзел гэтай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, — калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь».
Раней былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў.
Так, пазбавіць грамадзянства змогуць у выпадку судзімасьці за пагрозу гвалтам у дачыненьні да службовай асобы, заклікі да санкцый, пералічваньне грошай на дапамогу палітвязьням (у выпадку, калі гэта будзе расцэнена як фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і іншых, усяго паводле 55 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі закон аб завочных судах над эмігрантамі, якія прадугледжваюць канфіскацыю маёмасьціЗаконапраектам таксама прадугледжана, што беларусы, якія атрымалі «грамадзянства замежнай дзяржавы або атрымалі дазвол на жыхарства або іншы дакумэнт замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі», на працягу трох месяцаў з дня атрыманьня такіх дакумэнтаў «абавязаныя праінфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў або органы дыпляматычнай службы».
Беларусы абавязаныя будуць праінфармаваць органы МУС або МЗС і ў выпадку, калі пазбавіліся грамадзянства або таго ж віду на жыхарства.
Калі ў беларуса ёсьць грамадзянства іншай дзяржавы, то яму могуць «абмежаваць правы і свабоды».
У Канстытуцыі абмежаваньне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі «ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палату прадстаўнікоў паступіў законапраект аб пазбаўленьні грамадзянства. Аб амністыі пакуль няма