Суд па «справе БелаПАН» адновіцца 21 верасьня — на 400-ы дзень пасьля затрыманьня Леўшынай і Наважылава

Ірына Леўшына, Дзьмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна

Па зьвестках BPN, суд па «справе БелаПАН» адновіцца 21 верасьня, пачатак пасяджэньня ў 10.30. У раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда яго няма.

Працэс у закрытым рэжыме вядзе судзьдзя Менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка ў будынку суду Менскага раёна.

29 чэрвеня Тулейка аб’явіў перапынак у сувязі з правядзеньнем экспэртызы. Суд павінен быў працягнуцца 12 верасьня, але быў адкладзены з прычыны хваробы аднаго з удзельнікаў.

Абвінавачаныя — галоўны рэдактар і дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзьмітрый Наважылаў, былы намесьнік дырэктара мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна.

Фігуранты справы абвінавачваюцца ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрадзе дзяржаве» (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў, Злобіна, якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў). Усе чацьвёра прызнаны палітвязьнямі.

Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года, Леўшына і Наважылаў — 18 жніўня таго ж года.

Судзьдзя Тулейка вядомы суровымі прысудамі па справе анархістаў Ігара Аліневіча (20 гадоў пазбаўленьня волі), Сяргея Раманава (20), Дзьмітрыя Разановіча (19) і Дзьмітрыя Дубоўскага (18).