Індэкс Маскоўскай біржы ўпаў больш як на 10% з закрыцьця таргоў учорашняга дня.
Па стане на 15:10 маскоўскага часу індэкс Масбіржы апусьціўся ніжэй за 2200 пунктаў.
Як піша газэта «Коммерсант», лідэры зьніжэньня: глябальныя дэпазытарныя расьпіскі «Тинькофф Груп» — на 9,68%, акцыі НОВАТЭК — на 9,63%, Polymetal — 9,82%, «Сургутнефтегаза» — на 9,18%, «ЛУКОЙЛа» — на 9, 03%.
Абвал акцый адбываецца на фоне паведамленьняў аб правядзеньні псэўдарэфэрэндумаў у самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР» ды іншых акупаваных Расеяй рэгіёнах Украіны, а таксама рашэньня Дзярждумы Расеі дадаць у Крымінальны кодэкс РФ паняцьці «мабілізацыя» і «ваеннае становішча».
- 20 верасьня ў прарасейскіх акупацыйных адміністрацыях усходу Ўкраіны і кантраляванай Расеяй часткі Херсонскай вобласьці былі названыя даты рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі. Іх заплянавалі на 23–27 верасьня.
- Таксама ў аўторак Дзярждума Расеі ў экстраным парадку прыняла ў другім і трэцім чытаньнях законы, якія ўзмацняюць жорсткасьць пакараньня за злачынствы ў пэрыяд мабілізацыі і ваеннага становішча і ўводзяць новыя артыкулы ў Крымінальны кодэкс, у тым ліку за добраахвотную здачу ў палон і адмову выконваць дзяржзамову ў абароннай сфэры.