Сьвятлана Ціханоўская прыехала ў Нью-Ёрк на Генасамблею ААН, каб нагадаць аб тым, што беларусы не падтрымліваюць пуцінскай вайны і рэжыму Лукашэнкі і што перамога Ўкраіны будзе шанцам свабоды і для Беларусі, піша «Голас Амэрыкі».
У панядзелак, 19 верасьня, адбылася дыскусія Ціханоўскай з Мэліндай Гэрынг, намесьніцай дырэктара Эўразійскага цэнтру Атлянтычнай Рады (Atlantic Council). Гэта адзін з самых прэстыжных амэрыканскіх аналітычных цэнтраў.
Сустрэчу адкрыла экс-намесьніца дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях сусьветнай палітыкі, а цяпер віцэ-прэзыдэнтка цэнтра стратэгіі і бясьпекі Скаўкрофта пры Атлянтычнай радзе Пола Дабранскі. Яна запэўніла, што ЗША будуць і далей выкарыстоўваць «усе магчымыя спосабы, каб падтрымаць беларускі народ».
Таксама выступіў пастаянны прадстаўнік Літвы пры ААН Андрус Крывас. Паводле яго, Літва ганарыцца тым, што падтрымлівае беларускую апазыцыю і дае ў сябе прытулак яе лідэрам, у тым ліку самой Сьвятлане Ціханоўскай. Паводле яго, «калі надыдзе дзень, у які беларусы змогуць свабодна выбраць сабе лідэра і прыцягнуць Лукашэнку да адказу, мы ўсе будзем ганарыцца тым, што падтрымлівалі іх».
Далей слова ўзяла Мэлінда Гэрынг, якая задала пытаньні Ціханоўскай, прызнаўшыся, што тая зьяўляецца для яе прыкладам сапраўднага «badass resistance» («задзірыстага супраціву»). Ціханоўская расказвала, як беларусы «дапамагаюць Украіне выйграць вайну», пра беларускіх «рэйкавых партызанаў», валянтэрскі маніторынг ваеннай актыўнасьці на мяжы Беларусі і Украіны, і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за УСУ. Паводле яе, цяпер у сьвеце назіраецца «стомленасьць беларускай тэматыкай», а таксама, што нашмат страшней, яшчэ і некаторая «стомленасьць тэмай вайны ва Ўкраіне», і што ў гэтай сытуацыі важна не спыняцца.
«Мы разумеем, што вызваленьне Ўкраіны адкрые магчымасьць вызваленьня і для Беларусі, — паўтарыла яна некалькі разоў, — І тактычнае паражэньне расейскай арміі дасьць нам шанцы памяняць статус-кво. Вайну не падтрымліваюць ня толькі дэмакратычныя беларусы, але і многія памагатыя Лукашэнкі».
«У 2020-м мы яшчэ не былі гатовыя»
Па словах Ціханоўскай, у 2020 годзе дэмакратычнымі сіламі Беларусі ўсё ж былі зробленыя некаторыя памылкі. «У 2020-м мы яшчэ не былі гатовыя, а цяпер нам важна пазьбегнуць памылак, зробленых тады». Але на прамое пытаньне Мэлінды пра тое, ці гатовыя беларусы да сілавога, ужо ня мірнага, супраціву, яна не змагла даць прамы адказ: «Я ўсё яшчэ веру, што наша рэвалюцыя будзе мірнай. Мы ня хочам гвалту з боку дэмакратычнага руху, але настроі ў грамадзтве таксама мяняюцца. Магчыма, людзі расчараваныя, што мірная рэвалюцыя не прывяла нас да перамен. Але я веру, што калі мы хочам пабудаваць дэмакратычную краіну, нам трэба паказаць, як дэмакратычныя інструмэнты дапамагаюць вырашаць праблемы. Але будучыня непрадказальная — і калі будзе неабходны іншы плян, каб выйграць нашу бітву за дэмакратыю, хто ведае, што можа быць».
«Лукашэнка зараз у пастцы, і наша задача — ня даць яму чарговы раз выкруціцца»
«У Пуціна быў вельмі дрэнны тыдзень, — рэзюмавала Мэлінда Гэрынг, згадаўшы нядаўнія посьпехі УСУ. — Калі ў Пуціна праблемы, у Лукашэнкі таксама праблемы?»
«У Лукашэнкі вялікія праблемы яшчэ з 2020-га, як мне здаецца, — адказала Сьвятлана Ціханоўская, — але цяпер ён сябе паводзіць так, нібыта абрабаваў банк і прыкідваецца, што нічога не было. Лукашэнка паставіў усё на перамогу Расеі — і пралічыўся. Мне здаецца, ён цяпер у пастцы, і наша задача — ня даць яму чарговы раз выкруціцца з гэтай сытуацыі. Мы верым у тое, што ўкраінцы перамогуць, і мы павінны выкарыстоўваць гэтую магчымасьць пазбавіцца і нашага рэжыму, але нам патрэбна падтрымка ўсёй дэмакратычнай супольнасьці». Паводле яе, няхай Лукашэнка і атрымаў посьпех у выбудоўваньні магутнай уладнай вэртыкалі, цяперашні стан гэтай вэртыкалі «не такі стабільны і маналітны, як можа здацца» і «нават тыя, хто блізкі да рэжыму, разумеюць, што Лукашэнка страціў кантроль над Беларусьсю. Нават людзі з намэнклятуры бачаць, што сытуацыя мяняецца — Лукашэнка вымушаны балянсаваць, але прасторы ў яго ўсё менш».
Мэлінда Гэрынг задала пытаньне: «Лукашэнка адарваны ад народу, але ці не адарваная і сама Ціханоўская, якая два гады знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі?» Дэмакратычная лідэрка лічыць, што сувязь з народам яна ўсё ж трымае — дзякуючы тэхналёгіям, кантактам з прадстаўнікамі розных беларускіх рухаў і адкрытасьці для зносін, бо «нават прадстаўнікі прапаганды маюць магчымасьць са мной пагутарыць і задаць мне нязручныя пытаньні». Ня так даўно яна пагутарыла з Рыгорам Азаронкам (зь яго ініцыятывы), які спрабаваў размаўляць зь ёй пра сорам і адказнасьць.
Як лічыць Ціханоўская, у сувязі са жахлівымі рэпрэсіямі беларусы, безумоўна, баяцца выказваць пратэст, але чакаюць моманту, калі ім зноў можна будзе «выказаць адкрытую нязгоду з рэжымам» — таму наўрад ці можна лічыць, што ўнутры краіны людзі працягваюць весьці звычайнае жыцьцё. «Я мяркую, што ў Беларусі ў кожнага чалавека ёсьць сваяк ці сябар, ці проста знаёмы, які знаходзіцца ў турме», — сказала яна.
Пры гэтым, паводле Ціханоўскай, новая свабодная Беларусь немагчымая без перамогі Украіны: «Лёсы нашых дзьвюх краін зьвязаныя. Калі Беларусь ня будзе свабоднай, яна застанецца сталай пагрозай і Ўкраіне, і Літве, і Польшчы, і іншым сваім суседзям». Менавіта таму, лічыць яна, нельга скідваць Беларусь з рахункаў: «Мы ня можам вырашыць сытуацыю ва Ўкраіне і пакінуць пры гэтым Беларусь ззаду; гэты крызіс трэба вырашаць комплексна».
«У Зяленскага ў краіне вайна, і яму таксама трэба балянсаваць»
Нагадаўшы аб тым, што беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму ва Ўкраіну, пасьля пачатку вайны сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, немагчымасьцю падоўжыць від на жыхарства і неабходнасьцю вымушана зьехаць, Ціханоўская сказала, што «няхай прэзыдэнт Зяленскі да гэтага часу вельмі асьцярожны што да камунікацыі з намі, але імпэрскія амбіцыі Расеі датычацца ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі, таму ўкраінцы павінны разьдзяляць беларускі рэжым і беларускі народ». Паводле яе, Зяленскі гэта разумее, «але ў яго краіне вайна, і яму таксама трэба балянсаваць».
Пасьля гэтых слоў Ціханоўскай, ужо пад канец сустрэчы, выступіла Кіра Рудзік, украінская дэпутатка і кіраўніца партыі «Голас», запэўніўшы яе ў тым, што ўкраінскі народ ёй удзячны і «вельмі шануе і ніколі не забудзе падтрымкі».
«Я памятаю, што мы размаўлялі за тыдзень да пачатку вайны, — успомніла Кіра. — І ўсе казалі: ды не, Пуцін не нападзе на Ўкраіну! І толькі вы былі адзіным чалавекам, які дакладна сказаў: ён нападзе». Улічваючы такую дальнабачнасьць Ціханоўскай, Рудзік задала ёй пытаньне пра тое, як украінцы могуць падтрымаць дэмакратычную Беларусь. «Проста тлумачце, чаму Беларусь таксама важная, — папрасіла Ціханоўская. — І ў будучыні мы хацелі б, каб калі (пасьля перамогі Ўкраіны. — «Голас Амэрыкі») дойдзе да перамоваў, гаворка ішла не аб прарэжымнай Беларусі, а аб дэмакратычнай. Тлумачце, што большасьць беларусаў не падтрымлівае гэтую вайну, што беларусы ня могуць несьці на сабе адказнасьць за злачынствы рэжыму».