Іх затрымалі 31 студзеня за маляваньне праз трафарэт на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герба «Пагоня» і зьмясьцілі пад варту.
Палітзьняволеных судзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за распаўсюд улётак да рэфэрэндуму, удзел у маршы, маляваньне «Пагоні», спаленьне дзяржаўнага сьцяга.
У выніку судзьдзя Дзьмітры Карсюк сёньня пакараў Анатоля Латушку 6 гадамі калёніі, Алену Маліноўскую — 4 гадамі калёніі, Лілію Ананян — 5 гадамі «хатняй хіміі» (яе вызвалі ў зале суду).
Як паведамляюць праваабаронцы, Латушку таксама аштрафавалі на 300 базавых велічыняў, ён павінен кампенсаваць шкоду пацярпелым.
Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: пракурор запрасіў 6 гадоў калёніі для стрыечнага брата Паўла ЛатушкіПавал Латушка пра прысуд: «Беларусь працягвае апускацца ў змрок таталітарнай дыктатуры»
Павал Латушка ў сваім тэлелеграм-канале адрэагаваў на вынесены 20 верасьня вырак стрыечнаму брату:
«Сёньня яго асудзілі на 6 гадоў за „хуліганства“, „спробу зрыву рэфэрэндуму“ і „незаконны збор зьвестак“. Чытаць: „За праўду“, „за справядлівасьць“, „за пазыцыю“ (...) Наша Беларусь ва ўсіх на вачах працягвае апускацца ў змрок таталітарнай дыктатуры, па пустых вуліцах краіны, як у 30-х, езьдзяць „варанкі“, а людзі „зьнікаюць“ па сьпісах. Пакуль іх знаходзяць жывымі, але ўжо амаль заўсёды — за кратамі».
Латушка назваў стрыечнага брата «вартым сынам сваіх бацькоў, сынам Беларусі, які вельмі любіць сваю Радзіму».
«Ён сярод тысяч, сотняў тысяч, мільёнаў беларусаў, якія вераць у свабоду Беларусі, вераць у тое, што мы яе вернем. Вернем разам. У гэты дзень мае думкі з Анатолем, з усімі зьняволенымі ў турмах беларусамі», — зазначыў палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Лукашэнка не пакідае беларусам іншых шанцаў, апрача паўстаньня