Супрацоўнікаў «Газпрому» абавязалі здаць грошы на дапамогу параненым ва Ўкраіне

У распараджэньні Радыё Свабода апынуўся скрыншот паведамленьня ў мэсэнджэры WhatsApp з чату супрацоўнікаў Ленскага аддзелу аховы ПАТ «Газпром» у Рэспубліцы Саха (Якуція).

Як піша журналіст Расейскай службы Радыё Свабода Марк Крутаў, у паведамленьні супрацоўнікаў кампаніі абавязваюць пералічыць 1000 рублёў на дапамогу вайскоўцам, параненым падчас «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», таму што ў мясцовых бальніцах і шпіталях «катастрафічна не хапае мэдыкамэнтаў».

«Паважаныя калегі, за час правядзеньня спэцапэрацыі зьявілася вельмі шмат вайскоўцаў Далёкаўсходняй вайсковай акругі, якія атрымалі рознага роду раненьні і траўмы. Філіял ПАТ „Газпром“, Далёкаўсходняя міжрэгіянальная ўправа ПАТ „Газпром“ у горадзе Хабараўску, падахвоціўся аказаць матэрыяльную дапамогу для закупу мэдыкамэнтаў, якіх катастрафічна бракуе ў лякарнях і вайсковых шпіталях. Неабходна на дадзены нумар тэлефону ажыцьцявіць перавод на суму ня менш за 1000 рублёў. Пасьля пераводу сродкаў на той жа нумар па WhatsApp неабходна адправіць апошнія 4 лічбы і сваё прозьвішча. Гэта неабходна зрабіць, бо ў далейшым будзе зробленая справаздача для кіраўніцтва атраду аб тым, колькі чалавек прынялі актыўны ўдзел па аказаньні матэрыяльнай дапамогі і колькасьць тых, хто праігнараваў дадзеную просьбу», — напісана ў паведамленьні.

Паводле словаў крыніцы Радыё Свабода, якая даслала скрыншот у рэдакцыю, у чаце знаходзіцца каля 100 супрацоўнікаў атраду аховы. Паводле крыніцы, такія чаты ёсьць і ў іншых атрадаў. «Раней збор сродкаў быў добраахвотны, але на пастаяннай аснове. Цяпер ён стаў добраахвотна-прымусовым», — растлумачыў гэты чалавек, які папрасіў не называць ягонага імя зь меркаваньняў уласнай бясьпекі.

У Далёкаўсходняй міжрэгіянальнай управе аховы «Газпрому» (ДВМУО) не адказалі на званок Радыё Свабода, як і ў прафсаюзе гэтай арганізацыі. З тэлеграм-каналу прафсаюзу ДВМУО вынікае, што яго сябры ўжо зьбіралі грошы расейскім вайскоўцам, якія былі параненыя ва Ўкраіне і праходзяць лячэньне ў расейскіх шпіталях. У выніку такіх акцый у сакавіку, траўні і чэрвені было сабрана больш за паўмільёна рублёў.

Міністэрства абароны Расеі апошні раз паведамляла афіцыйныя зьвесткі пра загінулых і параненых ва Ўкраіне вайскоўцаў 25 сакавіка. Паводле гэтых зьвестак, агульная колькасьць расейскіх страт на той момант перавысіла 5 тысяч чалавек. 5 верасьня міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолэс заявіў, што, паводле дадзеных ягонага ведамства, страты расейскага войска падчас украінскай кампаніі дасягаюць 25 000 чалавек забітымі, а агульныя страты, у тым ліку параненымі, палоннымі і тымі, хто адмовіўся ўдзельнічаць у вайне, складаюць каля 80 тысяч.

31 жніўня «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Эўропу па газаправодзе «Паўночны паток» — як сьцьвярджалася, з прычыны плянавага тэхабслугоўваньня. Газаправод павінен быў ізноў часткова запрацаваць 3 верасьня, але гэтага не адбылося: у расейскай кампаніі сьцьвярджаюць, што ня могуць абслугоўваць турбіны імпартнай вытворчасьці з прычыны санкцый. Раней праз вайну ва Ўкраіне быў замарожаны праект газаправоду «Паўночны паток-2». У канцы чэрвеня акцыі «Газпрому» на расейскіх біржах патаньнелі больш як на 30% пасьля рашэньня кампаніі не выплачваць сваім акцыянэрам дывідэнды ў 2022 годзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.