Украінскія сацыёлягі правялі апытаньне па сямі патэнцыйных лініях расколу грамадзтва, які спрабуюць навязаць у інфармацыйнай вайне супраць Украіны расейскія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.
У прыватнасьці, сацыёлягі дасьледавалі стаўленьне ўкраінцаў да сьцьвярджэньняў аб наяўнасьці канфлікту паміж палітычным і вайсковым кіраўніцтвам, аб недастатковай увазе ўлады да арміі, аб раскраданьні заходняй зброі, аб гатоўнасьці ўлады ісьці на кампрамісы з Расеяй, аб стомленасьці Захаду ад Украіны, аб неабходнасьці пошуку вінаватых у негатоўнасьці да вайны і аб тым, што жыхары ўсіх акупаваных Расеяй тэрыторыі зьяўляюцца калябарантамі.
Згодна з вынікамі дасьледаваньня:
- 71% рэспандэнтаў мяркуюць, што палітычнае і вайсковае кіраўніцтва дзейнічаюць зладжана і адзінай камандай;
- 60% лічаць дастатковай увагу вайскоўцам з боку ўлады;
- 51% апытаных упэўненыя, што заходняя дапамога не раскрадаецца, а выкарыстоўваецца абаронцамі Ўкраіны.
Паводле сацыёлягаў,
- 87% рэспандэнтаў выказалі ўпэўненасьць, што ўлада ня пойдзе на кампраміс з Расеяй на непрымальных для Ўкраіны ўмовах,
- 73% — што Захад дапамагае Ўкраіне адпаведна магчымасьцям і хоча, каб вайна завяршылася на прымальных для Ўкраіны ўмовах.
- Апроч таго, 58% апытаных лічаць, што прыцягваць да адказнасьці вінаватых у дрэннай падрыхтоўцы да вайны трэба пасьля перамогі;
- 72% рэспандэнтаў лічаць жыхароў акупаваных тэрыторый «ахвярамі абставін», якія хочуць, каб іхныя населеныя пункты вярнуліся пад кантроль Украіны.
«Украінцы пераважна не падзяляюць наратывы «расколу», які нам спрабуюць навязаць агенты расейскага ўплыву. Адпаведныя наратывы могуць трансьлявацца як расейскімі і прарасейскімі агентамі ўплыву, так і ўкраінскімі палітыкамі, экспэртамі, журналістамі, якія могуць не да канца ўсьведамляць наступствы сваіх публічна выказаных «поглядаў».
Крытычна важнай зьяўляецца вера, што ўлада ня будзе «здаваць» інтарэсы Ўкраіны, а таксама вера пераважнай большасьці, што палітычнае і вайсковае кіраўніцтва дзейнічаюць налагоджана», — сказаў сацыёляг Антон Грушэцкі, камэнтуючы вынікі дасьледаваньня.
У той жа час ён лічыць «слабым месцам» выказваньне аб «раскраданьні заходняй зброі».
«Украінцы звычайна здольныя пераацэньваць распаўсюджанасьць карупцыі і ў гэтым пытаньні больш за чвэрць грамадзян таксама бачаць «украінскіх чыноўнікаў, якія нажываюцца на вайне». Гэты наратыў патрэбна разьвянчаць усімі магчымымі сродкамі», — перакананы сацыёляг.
Сацыялягічнае дасьледаваньне праводзіў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі (КМІС) 7-13 верасьня. У апытаньні ўдзельнічалі 2000 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 і старэй гадоў з усіх рэгіёнаў Украіны, апроч анэксаванага Крыму.
17 верасьня на сходзе ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «развал Украіны ўжо пачаўся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урок нянавісьці. Лукашэнка выступіў на форуме, прысьвечаным 17 верасьня
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.