Заходняя выведка: расейская армія страчвае свае перавагі ў паветры і на зямлі, украінцы працягваюць наступ

На вызваленых ад расейцаў землях Украіны

Расея за апошнія 10 дзён баявых дзеяньняў ва Ўкраіне страціла як мінімум чатыры баявыя самалёты.

Яе паведаміла выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, павелічэньне стратаў у паветраных сілах Расеі «часткова зьяўляецца вынікам таго, што расейскія ВПС прымаюць на сябе большыя рызыкі, калі спрабуюць забясьпечыць блізкую падтрымку з паветра сваім сухапутным сілам пад ціскам наступу Ўкраіны».

У брытанскай выведцы таксама адзначылі кепскую дасьведчанасьць расейскіх пілётаў, празь якую іхныя самалёты хутка апыналіся на тэрыторыях, кантраляваных украінскімі войскамі, бо лінія фронту хутка зьмянялася.

«Адсутнасьць у Расеі перавагі ў паветры застаецца адным з найважнейшых фактараў, якія падмацоўваюць хісткасьць яе апэрацыйнай структуры ва Ўкраіне», — рэзюмавалі ў выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.


У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) адзначаюць прагрэс украінскага контранаступу ў Херсонскай вобласьці, які расейцы намагаюцца толькі запаволіць, а не спыніць, адыходзячы на больш прыдатныя для абароны пазыцыі.

«Расейскія войскі, падобна, намагаюцца ажыцьцявіць больш мэтанакіраванае і кантраляванае адвядзеньне ў заходняй частцы Херсонскай вобласьці, каб пазьбегнуць хаатычных уцёкаў, якія характарызавалі крах расейскіх абаронных пазыцый у Харкаўскай вобласьці ў пачатку гэтага месяца», — адзначылі экспэрты ISW.

Паводле іх, расейцы істотна ўмацаваліся на захадзе Херсонскай вобласьці больш прафэсійнымі і аснашчанымі падразьдзяленьнямі, якія падрыхтаваныя да ўкраінскага контранаступу, у адрозьненьне ад тых фармаваньняў, якія знаходзіліся ў Харкаўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паведамілі пра абстрэл Паўднёва-Ўкраінскай АЭС расейцамі. ВІДЭА