Пугачова заявіла, што салідарная са сваім мужам Максімам Галкіным – «сумленным, прыстойным і шчырым чалавекам, сапраўдным і непадкупным патрыётам Расеі», які жадае сваёй краіне «мірнага жыцьця, свабоды слова» і спыненьня гібелі людзей «за ілюзорныя мэты».
16 верасьня Мінюст РФ уключыў тэлевядучага Максіма Галкіна ў рэестар фізычных асоб – «замежных агентаў». Прычынай было ўказана замежнае фінансаваньне з боку Украіны. Паводле Мінюсту, тэлевядучы займаецца палітычнай дзейнасьцю.
У пачатку верасьня прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што артысту Максіму Галкіну «яўна з намі не па дарозе». «Я ня чуў ніводнай заявы Алы Пугачовай, а муж [Максім Галкін] – так, яму відавочна з намі не па дарозе, муж рабіў вельмі дрэнныя заявы», – прыводзіць яго словы ТАСС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коміка Максіма Галкіна прызналі ў Расеі «замежным агентам». Ён адказаў: «Я гандлем сумленьнем не займаюся»Суаўтар законапраекту аб замежных агентах, намесьнік старшыні Дзярждумы РФ Пётр Талстой сказаў, што сьпявачка «страціла сувязь з рэальнасьцю». Паводле яго, пасьля сваёй заявы яна страціць «падтрымку прыстойных расейскіх людзей», але і замежным агентам ня стане.
- Максім Галкін і Ала Пугачова разам з дзецьмі зьехалі з Расеі пасьля ўварваньня РФ ва Ўкраіну. Галкін пасьля ад'езду адкрыта крытыкаваў дзеяньні Расеі, а да гэтага ён ня раз выступаў з пародыямі на расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. У адным з інтэрвію ў 2019 годзе Галкін казаў, што не баіцца гэта рабіць.
- У канцы жніўня 2022 году стала вядома, што Пугачова з двума дзецьмі вярнулася ў Расею. 4 верасьня на старонцы ў інстаграме сьпявачкі зьявіўся пост, у якім яна пракамэнтавала сьмерць былога прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Да гэтага яна наведала цырымонію разьвітаньня зь ім. «Даўно я так не рыдала. Сышла ЭПОХА, у якой мы здабылі свабоду, перасталі быць »Імпэрыяй Зла« для ўсяго Сьвету і зьнік страх за будучыню сваіх дзяцей. І галоўнае. Гарбачоў адрынаў гвалт як спосаб палітыкі і ўтрыманьня ўласнай улады», – напісала Пугачова.
- Сьпявачка адзначыла, што палітыкі могуць рабіць памылкі, галоўнае, каб яны «не былі сьмяротныя для ўсяго чалавецтва».