У судзе Цэнтральнага раёну Менску з 12 верасьня разглядаюць крымінальную справу ў адносінах да трох палітзьняволеных — стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля Латушкі, Ліліі Ананян і Алены Маліноўскай.
Як даведаліся праваабаронцы, 16 верасьня пракурор запрасіў для Анатоля Латушкі 6 гадоў калёніі, для Алены Маліноўскай — 4 гады калёніі, для Ліліі Ананян — 3 гады «хатняй хіміі».
Іх затрымалі 31 студзеня за маляваньне па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герба «Пагоня» і зьмясьцілі пад варту. Цяпер іх судзяць агулам па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу за распаўсюд улётак да рэфэрэндуму, удзел у Маршы, маляваньне «Пагоні», спаленьне дзяржаўнага сьцягу.
Прысуд 20 верасьня ў 10:00 абвесьціць судзьдзя Дзьмітры Карсюк.
Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. На самога Паўла Латушку завялі крымінальныя справы па 8 артыкулах. Таксама Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў крымінальную справу ў дачыненьні да дачкі Паўла Латушкі Яны, яе кватэра арыштаваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брата Паўла Латушкі зьбівалі пры затрыманьні. Ён у СІЗА на ВаладарскагаПалітвязьня, які адбывае тэрмін на «хіміі» па «справе карагодаў», асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Палітвязьня Сяргея Ярошкіна 5 верасьня перавялі з ПУАТ-39 у гомельскую «хімію», паведамляе «Гомельская Вясна». Прычыну не паведамілі, а проста раніцай звольнілі з працы і далі паўгадзіны, каб сабраць рэчы, а потым на машыне перавезьлі ў новую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Празь 10 дзён у судзе Савецкага раёна Гомля над ім адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў. Вынік і прычыны невядомыя.
23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках, дзе Сяргей да верасьня адбываў тэрмін, прыяжджалі супрацоўнікі АМАПу і зьбівалі «палітычных» кулакамі і дубінкамі. Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 жніўня: у Магілёве за ўдзел у пратэстах затрымалі сямейную пару; АМАП пабіў «палітычных» на «хіміі»