Шпіц, маска і абдымкі з Аліевым. Лукашэнка на саміце ШАС. ФОТА
15 верасьня Аляксандар Лукашэнка пачаў свой візыт у Самарканд на саміт лідэраў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У спартовым строі і са шпіцам ён вылятаў з аэрадрому Балбасава, што каля яго рэзыдэнцыі на Шклоўшчыне. За дзень да гэтага ён сек дровы «для замярзаючай Эўропы».
Вось так віталі Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце Самарканд. Па-беларуску яго назвалі «эксэленцыяй».
Перад сустрэчай з кітайскім лідэрам Лукашэнку прымусілі надзець маску. Прычым маска, якую ён надзеў, была з кітайскім сьцягам.
Рэдкі фатаздымак, Аляксандар Лукашэнка ў масцы.
Сустрэчы з кітайскай дэлегацыяй
Удзельнікі саміту. «Мы прымаем рашэньне аб пачатку працэдуры наданьня Рэспубліцы Беларусь статусу паўнапраўнага чальца ШАС», — заявіў 16 верасьня на саміце ў Самаркандзе прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, які старшынюе ў арганізацыі.
Цырымонія ўключала ў сябе саджаньне дрэваў.
Гаворачы пра прыярытэты Беларусі ў ШАС, Лукашэнка згадаў заходнія санкцыі:
«Незаконныя санкцыі, адключэньне ад міжнародных разьлікаў, іншыя нелегітымныя абмежаваньні вядуць да неабходнасьці зьбліжэньня плацёжных сыстэм, павелічэньня долі нацыянальных валют у гандлі, а таксама стварэньня ўласных фінансавых мэханізмаў у рамках ШАС. Гэты падыход дасьць ня толькі свабоду выбару, але і свабоду дзеяньняў».
А вось так садзілі дрэвы прэзыдэнт Пуцін разам з прэзыдэнтам Узбэкістану.
Нягледзячы на тое, што напярэдадні саміту Армэнія папрасіла ў АДКБ, куды ўваходзіць і Беларусь, дапамогі ў ваенным канфлікце з Азэрбайджанам, Аляксандар Лукашэнка даволі прыязна паводзіў сябе з прэзыдэнтам Азэрбаджану Ільхамам Аліевым.
На асноўным паседжаньні саміту Аляксандра Лукашэнкі не было, яго запрасілі толькі на паседжаньне ў пашыраным складзе і там далі слова.
Лукашэнка падтрымаў ідэю Пуціна, каб ШАС праводзіла свае спаборніцтвы па летніх алімпійскіх відах спорту ў 2024 годзе і па зімовых — у 2026 годзе. Расею і Беларусь адхілілі ад большасьці міжнародных спаборніцтваў з прычыны вайны ва Ўкраіне.
ШАС — міжурадавая міжнародная арганізацыя, заснаваная 15 чэрвеня 2001 году ў Шанхаі. Асноўнымі мэтамі дэкляраваныя ўмацаваньне ўзаемнага даверу і добрасуседзтва паміж краінамі-ўдзельніцамі і садзейнічаньне іх эфэктыўнаму супрацоўніцтву ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах. Чальцамі ШАС зьяўляюцца Індыя, Казахстан, КНР, Кіргізстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан.
Беларусь разам з Афганістанам, Іранам і Манголіяй маюць статус дзяржаў-назіральніц. Яшчэ шэсьць краін — Азэрбайджан, Армэнія, Камбоджа, Нэпал, Турэччына і Шры-Лянка — застаюцца партнэрамі па дыялёгу ШАС.
Місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва рэгулярна называла выбары ў Беларусі «празрыстымі, сапраўднымі і дэмакратычнымі».