Фармальнай падставай для сустрэчы стала перавыданьне Фондам Kamunikat.org у Беластоку (пры падтрымцы суполкі «Скарына») кнігі Ўладзімера Арлова «Ордэн Белай Мышы». Упершыню кніга выйшла ў Менску ў 2003 годзе, у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Цяпер жа наступіў такі час, калі беларускія кнігі штораз часьцей пачынаюць выходзіць за мяжою. Для шмат каго зь беларускіх пісьменьнікаў гэта адзіны шанец убачыць сваю кнігу надрукаванай.
Уладзімер Арлоў добра вядомы тым, што на сваіх аўтарскіх сустрэчах расказвае шмат пацешных і павучальных показак са свайго пісьменьніцкага жыцьця і досьведу. Ён не падвёў прысутных і на сустрэчы ў Празе. Пра гісторыю першага выданьня «Ордэну Белай Мышы» расказаў, сярод іншага, такое:
«За шэсьць гадоў да выхаду гэтай кнігі я быў звольнены з выдавецтва „Мастацкая літаратура“ з фармулёўкай „уволить за выпуск исторической и другой сомнительной литературы“. Але да майго 50-годзьдзя вырашылі зрабіць мне падарунак і прапанавалі выданьне кнігі. Мяне папярэдзілі: у кнігі будзе куратар у Міністэрстве інфармацыі. І вось аднойчы тэлефануе мне маладая рэдактарка і кажа, што таму куратару не спадабалася месца ў загалоўным апавяданьні, дзе кароль, сустракаючыся зь пісьменьнікам, згадвае, што „каралеўская армія ў ХVІ стагодзьдзі дашчэнту разьбіла арду нашага заклятага сябра вялікага князя Івана“. Гэтае імя, кажа мне рэдактарка, паводле куратара, будзе шкодзіць інтэграцыі Беларусі і Расеі — вам трэба даць яму пісьмовы адказ. Я надыктаваў ёй адказ таму невядомаму мне па імені куратару: „Так, я згодны з вамі, што гэтае імя можа пашкодзіць інтэграцыі. Таму прапаную замяніць Івана на Вавана“. Яна перадала, і гэта прайшло — у кнізе зьявіўся Ваван».
І яшчэ пра мастацкае аздабленьне першага выданьня «Ордэна Белай Мышы» пісьменьнік падзяліўся вясёленькай гісторыяй:
«Кніга была аздобленая малюнкамі мастака Аляксея Марачкіна. У апошні момант перад яе выхадам у рэдакцыю ўварваўся нейкі чалавек, які сказаў больш-менш такое: „За кнігу Арлова нам і так яйцы адкруцяць, а тут яшчэ Марачкін намаляваў мужыка зь яйцамі і Лукашэнку з вусамі“. Пасьля такога вусы на заганным малюнку падкруцілі ўгору, а памянёнаму мужыку полавыя прыкметы абрэзалі. Потым я расказаў гэтую гісторыю карэспандэнтцы з „Известий“, якая надрукавала матэрыял пад назвай „Цензура отрезала органы“».
Акрамя загалоўнага апавяданьня, у кнізе «Ордэн Белай Мышы» зьмяшчаецца цыкл «Полацкія апавяданьні», апавяданьне «Маша і мядзьведзі» ды «Сібірская аповесьць», «Краявід з мэнтолавым пахам» i «Genius loci». Жыцьцёвыя абставіны так склаліся, што амаль усе гэтыя творы перакладаліся на польскую мову ці то мною, ці то маёй жонкай, ці то іншымі перакладчыкамі для выданьняў, якія я ўкладаў і рэдагаваў.
Уладзімер Арлоў згадаў забаўны перакладчыцкі эпізод у сувязі з полацкім апавяданьнем «Рыба і іншыя», у якім расказваецца, як адзін няўрымсьлівы хлапчук павыразаў лязом з усіх афішаў, якія анансавалі «Чемпионат СССР по академической гребле» ў горадзе, літары «г» і «р». І вось мой перакладчык Ян Максімюк, сказаў пісьменьнік не без задавальненьня, зрабіў з таго чэмпіянату польскія «zawody w skakaniu do wody», зь якіх хлапчук Рыба выразаў літару «s».
Сустрэча з Уладзімерам Арловы у Празе закончылася аўтарскім чытаньнем эсэ «Незалежнасьць гэта…» і аўтограф-сэсіяй.