Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб новай рэдакцыі ўказу ад 30 жніўня 2014 году № 420 «Аб знаходжаньні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». Ранейшы ўказ тычыўся жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей, цяпер ён распаўсюджваецца на ўсіх украінцаў.
У прыватнасьці, для ўкраінцаў прадугледжана наданьне правоў нароўні зь беларускімі грамадзянамі, што тычыцца:
- дашкольнай, агульнай і спэцыяльнай адукацыі, атрыманьня прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў або на ўмовах аплаты;
- даступнага мэдычнага абслугоўваньня;
- прызначэньня дапамог на дзяцей і пэнсій.
Грамадзяне Ўкраіны таксама вызваляюцца ад выплаты наступных дзяржаўных пошлін:
- за рэгістрацыю часовага знаходжаньня ў Беларусі;
- выдачу дазволу на часовае пражываньне;
- разгляд заявы аб выдачы дазволу на пастаяннае пражываньне;
- выдачу біямэтрычнага дазволу на жыхарства.