Дзейнасьць клінікі будзе прыпынена з 26 верасьня «да выпраўленьня выяўленых парушэньняў», гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Мэдыязона.
Міністэрства аховы здароўя выявіла ў клініцы парушэньні ліцэнзійных патрабаваньняў, факты невыкананьня клінічных пратаколаў, парушэньні ў галінах мэдаглядаў, аказаньня неадкладнай мэддапамогі і санітарных нормаў.
«Названыя парушэньні ў клініцы „Мерсі“ могуць пацягнуць за сабой прычыненьне шкоды дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычыненьня такой шкоды», — лічаць у міністэрстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «ЛОДЭ» супрацоўнікаў ЕРАМ стаў абслугоўваць «Мерсі», уласьнікаў якога зьвязваюць зь сям’ёй ЛукашэнакПа дадзеных Беларускага расьсьледвальнага цэнтру, клініка «Мерсі» належыць сяброўцы Віктара Лукашэнкі Людміле Няронскай. Журналісты высьветлілі, што «справа артапэдаў», падчас якой затрымалі 35 лекараў, паспрыяла бізнэсу Няронскай — «Мерсі» стала адзінай клінікай у Беларусі, якая працягнула ўсталёўваць імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым раней іх ставілі ў дзяржаўных бальніцах.
У дзяржаўных жа бальніцах з такімі пратэзамі больш не працуюць, бо з прычыны «справы артапэдаў» мэдустановы зазналі пазаплянавыя праверкі, а ў некаторых нават прыпынілі ліцэнзію, тлумачылі расьсьледавальнікі.