Новы рэкорд: У Беларусі 1337 прызнаных палітвязьняў

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 10 чалавек, зараз іх у Беларусі 1337.

У сьпіс палітвязьняў уключаныя ўзятыя пад варту і адпраўленыя пад хатні арышт паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Кацярына Еўдакімава, Уладзіслаў Мальцаў, Дар’я Кароль, Раман Багрый, Іна Панова, Юрый Караткевіч, Алег Кірычэнка, Арцём Крылоў і Паліна Палавінка. Апошнюю вінавацяць таксама ў дыскрэдытацыі Беларусі паводле арт. 3691.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача наконт сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні: 387 затрыманых і 92 новыя палітвязьні

Палітвязьнем прызнаны Зьміцер Таратынаў, накіраваны ў папраўчую ўстанову для адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі паводле ч. 1 арт. 342.

У заяве аб прызнаньні названых грамадзянаў палітвязьнямі ўтрымліваецца патрабаваньне да ўладаў вызваліць усіх, хто мае гэты статус, і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянаў. Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі ПЭН, Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Прававая ініцыятыва», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава.