Пра гэта кіраўніца Аб’яднанага пераходнага Кабінэту Сьвятлана Ціханоўская паведаміла ў інтэрвію парталу Зеркало.
Яна сказала, што ня ведала пра наяўнасьць у Валера Сахашчыка расейскага пашпарта.
«Дзеяньні Валера з моманту пачатку вайны ва Ўкраіне паказалі, што ён у першую чаргу адстойвае інтарэсы беларусаў, а не чужыя ці нават свае ўласныя. Ён стаў першым беларускім афіцэрам, які зьвярнуўся да вайскоўцаў з заклікам не ўчыняць злачынстваў супраць народаў Беларусі і Ўкраіны і не выконваць злачынныя загады. Валер узяў на сябе кірунак па нацыянальнай бясьпецы і абароне ў Абʼяднаным кабінэце, ведаючы, якую небясьпеку і адказнасьць гэта за сабой цягне», — расказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сахашчык прызнаў, што мае расейскае грамадзянства«Мы выдатна разумелі, што спробы з боку рэжыму дыскрэдытаваць чальцоў Кабінэту непазьбежныя, і гэта толькі першая. Фігура Сахашчыка стала адной з найбольш небясьпечных для іх, таму ён сам, яго блізкія і яго рэпутацыя будуць пад пастаяннымі ўдарамі прапаганды», — адзначыла яна.
Паводле Ціханоўскай, Сахашчык ужо выказаў жаданьне аформіць афіцыйную адмову ад расейскага грамадзянства.