Пэнтагон: «Тэмпы ўкраінскага контранаступу на Харкаўшчыне сталі дзівам толькі для расейцаў»

Украінскія вайскоўцы на Данбасе

У Пэнтагоне вядуць перамовы з Украінай пра тое, якая зброя патрэбная неадкладна. Тым часам афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША паабяцаў, што яго дзяржава і саюзьнікі працягнуць аказваць Украіне дапамогу для ўмацаваньня пазыцый краіны на будучых перамовах з Масквой.

Стабільны паток паставак заходніх узбраеньняў і незвычайная рашучасьць украінскіх вайскоўцаў сталі галоўнымі фактарамі, якія ляжаць у аснове пасьпяховай кампаніі контранаступу Ўзброеных сіл Украіны супраць расейскіх агрэсараў, заявіў Нэд Прайс, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

Адказваючы на пытаньне журналіста аб тым, ці могуць нядаўнія посьпехі Ўкраіны на полі бою заахвоціць эўрапейцаў актывізаваць пастаўкі ўзбраеньняў Кіеву, Прайс адзначыў, што цяперашняе пасьпяховае контранаступленьне залежала ад некалькіх фактараў.

«Гэта вынік зацятасьці, рашучасьці і адвагі нашых украінскіх партнэраў, што... шмат у чым стала магчымым дзякуючы дапамозе ў сфэры бясьпекі, якую аказалі Злучаныя Штаты і нашы партнэры па ўсім сьвеце», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, нагадаўшы, што з пачатку ўварваньня толькі Злучаныя Штаты далі Ўкраіне каля 14,5 мільярда даляраў дапамогі ў сфэры бясьпекі.

«Аднак... вырашальным фактарам тут стала тое, што ў нашых украінскіх партнэраў заўсёды будзе рашучасьць, якой ніколі ня будзе ў расейцаў. Украінцы змагаюцца за сваю дэмакратыю, за сваю свабоду, за сваю краіну. Расейцы, сярод якіх ёсьць тыя, каго прызвалі на службу, альбо выпусьцілі з турмы, ці ж яны адправіліся ва Ўкраіну ў якасьці наймітаў прыватных вайсковых кампаній, ваююць не за гэта. У многіх выпадках яны ня ведаюць, за што яны змагаюцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: плян наступу УСУ быў створаны з дапамогай ЗША і Вялікай Брытаніі

Ён адзначыў, што пасьля пераходу Ўкраіны да контранаступу ўсім стала відавочна, што «расейская абарона аказалася не такой ужо ўстойлівай», і гэта, паводле Прайса, «сьведчыць аб прагрэсе, якога дабіліся нашы ўкраінскія партнэры».

«Мы заўсёды казалі, што... вайна Расеі супраць Украіны, ня будзе лінейнай з пункту гледжаньня тэрытарыяльных набыткаў. Упэўненыя ў тым, што мы паставілі нашых украінскіх партнэраў на шлях, які дапаможа ім арганізаваць эфэктыўную абарону сваёй краіны», — адзначыў Прайс.

Камэнтуючы пытаньне аб зьяўленьні ў некаторых расейскіх дзяржаўных СМІ здагадак аб магчымасьці правядзеньня мірных перамоваў, і пра тое, ці лічаць у Вашынгтоне верагоднымі патэнцыйныя перамовы з Расеяй, Прайс сказаў, што «пакуль ні мы, ні нашы ўкраінскія ці эўрапейскія саюзьнікі і партнэры ня бачым ніякіх прыкмет таго, што расейцы гатовыя да перамоваў і да ўдзелу ў... дыялёгу».

«Мы хочам, каб нашыя ўкраінскія партнэры апынуліся ў максымальна выгадным становішчы, калі ўзьнікне магчымасьць правядзеньня перамоваў. З кожным днём эфэктыўнага контранаступленьня, з кожнай цаляй адваяванай тэрыторыі іхная пазыцыя за сталом перамоваў будзе ўмацоўвацца», — дадаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа ўкраінскі контранаступ пераламіць хаду вайны? Што пра гэта кажуць былы камандуючы NATO ды іншыя экспэрты

Прэс-сакратар Мінабароны ЗША, брыгадны генэрал ВПС Пэт Райдэр выказаўся на тэму далейшай вайсковай дапамогі Ўкраіне. Паводле яго, украінскія войскі з самага пачатку варожага ўварваньня выкарыстоўваліся высокаэфэктыўна.

«З самага пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну мы бачылі, як украінцы дэманстравалі выдатную здольнасьць выкарыстоўваць свае баявыя магчымасьці зь вялікім эфэктам, таму для нас нядзіўна, што яны прасоўваліся гэтак хутка. Яны таксама зноў прадэманстравалі выдатную здольнасьць выкарыстоўваць магчымасьці, якія даюцца на полі бою, і цяперашні контранаступ у Харкаўскай вобласьці не зьяўляецца выключэньнем.

Я думаю, што калі нехта і быў зьдзіўлены, грунтуючыся толькі на справаздачах, якія мы бачылі ў дачыненьні... рэакцыі расейскіх вайскоўцаў, то, пэўна, гэта былі самі расейцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Украіна папрасіла ў ЗША ракеты з радыюсам дзеяньня да 300 км для працягу наступу ў 2023 годзе

Райдэр таксама дадаў, што ЗША ня будуць зьніжаць тэмпаў вайсковай дапамогі Ўкраіне. Пры гэтым ён ухіліўся ад прамога адказу на пытаньне аб магчымых пастаўках ракет павялічанай далёкасьці ATACMS для РСЗА HIMARS.

«Мы працягнем зь імі абмеркаваньне, каб зразумець, што ім трэба неадкладна і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве», — сказаў прэс-сакратар Пэнтагону.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.