У Крамлі незадаволеныя сфармуляванымі гарантыямі бясьпекі для Ўкраіны. Расея ў лік гарантаў не ўвайшла

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

На думку прэзыдэнта Ўкраіны, будучую дамову бясьпекі павінны падпісаць «лідэры самых магутных дзяржаў».

Міжнародная працоўная група па пытаньнях гарантый бясьпекі для Ўкраіны прэзэнтавала Ўладзіміру Зяленскаму рэкамэндацыі адносна дакумэнту, які, як чакаецца, будзе называцца «Кіеўская дамова бясьпекі» (Kyiv Security Compact).

«Я падрабязна азнаёміўся з гэтым дакумэнтам. Мяркую, што ён падрыхтаваны на высокім узроўні. Гэта першы, але вельмі важны крок. Гэтыя рэкамэндацыі павінны стаць асновай будучай дамовы аб бясьпецы», — адзначыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

На ягоную думку, будучую дамову павінны падпісаць «лідэры самых магутных дзяржаў» (перш за ўсё тых, якія «прадэманстравалі магутную падтрымку Ўкраіны пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісар Яганэс Ган: Дапамога Эўразьвязу Ўкраіне да канца году складзе 8 млрд эўра, але 5 зь іх — крэдыты

Асноўныя пункты гарантый бясьпекі, выкладзеныя ў рэкамэндацыях:

  • Самая моцная гарантыя бясьпекі для Ўкраіны — яе здольнасьць абараняцца ад агрэсара ў адпаведнасьці з артыкулам 51 Статуту ААН. Для гэтага Ўкраіне патрэбныя рэсурсы на ўтрыманьне баяздольных узброеных сіл, якія змогуць супрацьстаяць узброеным сілам і іншым ваенізаваным фармаваньням Расейскай Фэдэрацыі.
  • Гарантыі бясьпекі павінны быць сьцьвярджальныя, і гарантыі павінны быць палітычна і юрыдычна абавязковыя для выкананьня на падставе двухбаковых пагадненьняў, але аб’яднаныя ў рамках сумеснага дакумэнта аб стратэгічным партнэрстве пад назвай Кіеўская дамова бясьпекі. Яны будуць акрэсьліваць шэраг абавязаньняў, узятых на сябе краінамі-гарантамі разам з Украінай.
  • Пакет гарантый зьмяшчае як прэвэнтыўныя меры вайсковага, фінансавага, інфраструктурнага, тэхнічнага, інфармацыйнага характару для прадухіленьня новай агрэсіі, так і меры, якія павінны быць прынятыя неадкладна ў выпадку новага замаху на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Структура Кіеўскай дамовы бясьпекі складаецца з паўнавартаснага пакету санкцый супраць краіны-агрэсара, а таксама можа ўтрымліваць дадатковыя кампанэнты, такія як дамовы аб забесьпячэньні Ўкраіны сучаснымі сыстэмамі СПА/СРА, рэгіянальныя дамовы аб бясьпецы ў Чорным моры і да таго падобнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў мае намер дамагацца ад Масквы кампэнсацыі шкоды ў $300 мільярдаў

Сярод краін-гарантаў сваёй бясьпекі Ўкраіна бачыць ЗША, Вялікую Брытанію, Канаду, Польшчу, Італію, Нямеччыну, Францыю, Аўстралію, Турэччыну, а таксама краіны Паўночнай Эўропы і Балтыі, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Сярод дзяржаў, якія не ўвайшлі ў папярэдні сьпіс гарантаў бясьпекі Украіны, — Расея, Кітай і Індыя.

Раней у інтэрвію выданьню «Новы час» кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак казаў, што Расея хацела быць гарантам бясьпекі Ўкраіны. «Немагчыма быць агрэсарам і адначасова гарантам бясьпекі. Пасьля Барадзянкі, пасьля Бучы ні мы, ні нашы партнэры ня бачаць магчымасьці, каб Расея была сярод краін, якія даюць нам гарантыі», — адзначаў у інтэрвію Ярмак.

Паводле Ермака, Украіна неадкладна пачне працу над рэкамэндацыямі адносна гарантый бясьпекі. Ён удакладніў, што «дамова аб гарантыях бясьпекі не зьяўляецца заменай уступленьня Ўкраіны ў NATO — яна будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль краіна не набудзе статус сябра Паўночнаатлянтычнага альянсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Украіна папрасіла ў ЗША ракеты з радыюсам дзеяньня да 300 км для працягу наступу ў 2023 годзе

Тым часам у Крамлі адрэагавалі на прадстаўлены Ўкраінай праект гарантый бясьпекі.

У прыватнасьці, намесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што гэты дакумэнт зьяўляецца «пралёгам да трэцяй сусьветнай вайны» і, паводле яго перакананьня, «ніхто ніякіх гарантый» даваць Украіне «ня будзе».

У той жа час лідэр фракцыі ЛДПР у Дзярждуме Расеі і кіраўнік камітэту Думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі назваў прадстаўлены Ўкраінай праект гарантый бясьпекі «эскаляцыяй, а не вырашэньнем бягучай сытуацыі».

«Па сутнасьці, прапануецца задакумэнтаваць прасоўваньне вайсковай інфраструктуры краін Захаду да расейскіх межаў, напампоўваньне (Украіны. — РС) заходнім узбраеньнем», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне арыштавалі гелікоптэр і запчасткі, завезеныя зь Беларусі і Расеі для рамонту