Украіна папрасіла ў ЗША і іх саюзьнікаў дадатковыя пастаўкі ўзбраеньня, у тым ліку ракетныя сыстэмы вялікай далёкасьці. Аб гэтым піша The Wall Street Journal са спасылкай на дакумэнт, які ўкраінскі ўрад накіраваў амэрыканскім кангрэсмэнам.
У сьпісе пералічана 29 відаў сыстэм узбраеньняў і боепрыпасаў, якія, паводле Кіева, спатрэбяцца для «працягу наступу ў 2023 годзе». Сярод іх танкі, бесьпілётнікі, супрацькарабельныя ракеты Harpoon, ракеты для рэактыўнай сыстэмы залпавага агню HIMARS, а таксама балістычныя ракеты клясы зямля — зямля ATACMS, здольныя трапляць у цэлі на адлегласьці да 300 км.
Напярэдадні галоўнакамандуючы УСУ Валеры Залужны і дэпутат Вярхоўнай Рады Міхаіл Забродзкі апублікавалі артыкул, дзе гаворыцца, што пераломны момант у вайне можа наступіць, калі ва ўкраінцаў будуць сыстэмы большага радыюсу дзеяньня.
- У траўні Вашынгтон адмаўляўся пастаўляць Кіеву ракетныя сыстэмы вялікай далёкасьці, баючыся, што Ўкраіна можа выкарыстоўваць іх для ўдараў па тэрыторыі Расеі.
- Паводле ацэнак The Wall Street Journal, за час вайны ЗША ўжо накіравалі Ўкраіне зброю і іншую дапамогу больш чым на 15 млрд даляраў.