Расея можа не перажыць катастрафічнага рашэньня Пуціна ўварвацца ва Ўкраіну. Пра гэта на сайце амэрыканскага аналітычнага цэнтру Atlantic Council піша Януш Бугайскі, старшы навуковы супрацоўнік Джэймстаўнскага фонду ў Вашынгтоне, аўтар кнігі «Несапраўдная дзяржава: Даведнік аб расколе Расеі».
Вайна Расеі ва Ўкраіне, піша аналітык, прадэманстравала, што Крэмль не паважае асновы міжнароднага права і недатыкальнасьць міжнародных межаў. І гэтая імпэрыялістычная замежная палітыка можа неўзабаве адбіцца на самой Расеі.
Тэрытарыяльная цэласнасьць Расеі, на думку Януша Бугайскага, будзе ўсё больш аспрэчвацца шматлікімі ўнутранымі рэспублікамі і рэгіёнамі краіны, паколькі катастрафічнае ўварваньне ва Ўкраіну ўжо паслужыла каталізатарам імпэрскага краху.
«У маёй новай кнізе „Несапраўдная дзяржава: Даведнік аб расколе Расеі“ сьцьвярджаецца, што Расейская Фэдэрацыя не змагла ператварыцца ў нацыянальную дзяржаву, грамадзянскую дзяржаву ці нават стабільную імпэрскую дзяржаву. Надыходзячы распад Расейскай Фэдэрацыі стане трэцяй фазай імпэрскага краху пасьля распаду савецкага блёку ва Ўсходняй Эўропе і распаду Савецкага Саюзу ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў.
Шматлікія эканамічныя, дэмаграфічныя і сацыяльныя слабасьці Расеі пагаршаюцца спалучэньнем фактараў, у тым ліку празьмернай залежнасьцю ад экспарту выкапнёвага паліва, скарачэньнем эканомікі і ўзмацненьнем рэгіянальнай і этнічнай нестабільнасьці. Зь лютага 2022 году поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну паскорыла працэс распаду дзяржавы, паколькі не змагло дасягнуць мэт Крамля, але прывяло да эскаляцыі ваенных страт і ўсё больш разбуральных міжнародных санкцыяў».
Імпэрыя пад маскай фэдэрацыі
Януш Бугайскі зьвяртае ўвагу на недасканаласьць дзяржаўнага ўладкаваньня сучаснай Расеі. На яго думку, хоць канстытуцыя 1993 году вызначае краіну як фэдэрацыю, насамрэч гэта цэнтралізаваная нэаімпэрская канструкцыя. Таму аналітык мяркуе, што гэтая дзяржава набліжаецца да канца цыклю рэжыму, у якім палітычны статус-кво становіцца ўсё больш ненадзейным. З часоў распаду Савецкага Саюзу некалькі адначасовых крызісаў не станавіліся такімі сур’ёзнымі, уключаючы няздольнасьць ураду забясьпечыць устойлівае эканамічнае разьвіцьцё. Гэта павялічвае няроўнасьць паміж Масквой і фэдэральнымі рэгіёнамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі, што не адмаўляюцца ад перамоваў з Украінай. Зяленскі адказаў, ці магчымыя яны цяперПаводле Бугайскага, Расейская Фэдэрацыя сутыкнулася цяпер з экзістэнцыйным парадоксам, пры якім лібэральная апазыцыя ня ў стане замяніць рэжым. А без палітычнага плюралізму, эканамічных рэформаў і рэгіянальнай аўтаноміі фэдэральная структура будзе станавіцца ўсё больш некіравальнай.
Аднак, піша аналітык, нават калі б былі праведзеныя дэмакратычныя рэформы, некаторыя рэгіёны ўсё ж маглі б скарыстацца магчымасьцю аддзяленьня. Патэнцыял гвалтоўных канфліктаў можа зьменшыцца ў выпадку сыстэмнай рэформы, у той час як верагоднасьць гвалтоўных канфліктаў істотна ўзрасьце, калі рэформы будуць заблякаваныя на нявызначаны тэрмін.
«Па меры таго, як краіна скочваецца да беспарадкаў, існуючая фэдэральная сыстэма будзе разглядацца як нелегітымная шырокімі пластамі насельніцтва. Затым можа матэрыялізавацца шэраг унутраных сцэнарыяў, якія падштурхнуць краіну да фрагмэнтацыі, уключаючы ўзмацненьне барацьбы за ўладу ўнутры эліты, эскаляцыю канфліктаў паміж Крамлём і рэгіянальнымі ўрадамі і парушэньне цэнтралізаванага кантролю ў некалькіх частках краіны».
Прычыны і мэханізм распаду
Януш Бугайскі не выключае, што ў выніку працэсаў, якія можа спарадзіць ваеннае паражэньне ад Ўкраіны, могуць зьявіцца спробы аддзяленьня нават заселеных расейцамі рэгіёнаў:
«Рух да аддзяленьня любой з 22 нерасейскіх рэспублік, хутчэй за ўсё, справакуе аналягічныя патрабаваньні самавызначэньня сярод некалькіх рэгіёнаў з этнічнай расейскай большасьцю. Гэта значна аслабіла б цэнтар і зьменшыла б верагоднасьць захаваньня аўтакратычнай дзяржавы. Паказальна, што ў пачатку 1990-х гадоў, калі Савецкі Саюз пачаў распадацца, 40% пераважна этнічных расейскіх рэгіёнаў настойвалі на большай аўтаноміі, а некаторыя схіляліся да сувэрэнітэту, падобнага да нацыянальных рэспублік. Сэпаратысцкія рухі часта пачынаюцца з патрабаваньняў эканамічнай дэцэнтралізацыі, а затым узмацняюцца ў адказ на дзеяньні цэнтральнага ўраду побач з ростам памкненьняў эліты і грамадзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Украіна пераламіла ход вайны. Генштаб Узброеных сіл Украіны: расейцы імкліва пакідаюць свае пазыцыіАналітык мяркуе, што хваляваньні ў многіх рэспубліках і рэгіёнах будуць выклікацца назапашваньнем незадаволенасьці, у тым ліку рэзкім ростам ўзроўню беднасьці, рэзкай сацыяльна-эканамічнай няроўнасьцю, скарачэньнем фэдэральных фінансавых субсыдый, пагаршэньнем мясцовай інфраструктуры, экалягічнымі катастрофамі, каляпсам сыстэмы аховы здароўя, карупцыяй. Адпаведна, Масква будзе ўсё больш успрымацца як эксплёататарская каляніяльная мэтраполія.
Распад можа быць нямірным
У найбліжэйшыя гады, піша Януш Бугайскі, Расейская Фэдэрацыя можа сутыкнуцца з паўтарэньнем або савецкага, або югаслаўскага краху, або іх камбінацыі.
У той час як некаторыя рэспублікі могуць выйсьці са складу Расеі адносна цэлымі, піша ён, паміж цэнтрам і некаторымі суб’ектамі фэдэрацыі могуць узьнікнуць прамыя канфлікты. Масква можа паспрабаваць пераймаць Сэрбію 1990-х гадоў, мабілізуючы этнічных расейцаў для аддзяленьня этнічна аднастайных рэгіёнаў ад мяцежных рэспублік і выганяючы нерасейскае насельніцтва, але гэта проста паскорыць распад імпэрскай дзяржавы.
Некаторыя нацыянальныя рэспублікі, дзе колькасьць этнічных расейцаў скарачаецца, могуць паімкнуцца да поўнага вызваленьня і набыцьця дзяржаўнасьці, у тым ліку на Паўночным Каўказе і ў Сярэднім Паволжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы не нацысты, а пафігісты», — гутарка з расейскім дасьледчыкамНекалькі пераважна этнічных расейкіх рэгіёнаў у Сыбіры, на Ўрале і на Далёкім Усходзе Расеі таксама выйграюць ад сувэрэнітэту і кантролю над мясцовымі рэсурсамі, такімі як выкапнёвае паліва, мэталы і каштоўныя карысныя выкапні, якія Масква цяпер эксплюатуе як каляніяльная імпэрыя.
Што трэба рабіць міжнароднай супольнасьці
На думку Януша Бугайскага, па меры таго, як Расея набліжаецца да эскаляцыі ўнутранага крызісу, перад NATO паўстане неадкладная задача справіцца зь міжрэгіянальным узьдзеяньнем ад нарастаючых беспарадкаў. Паколькі Расея рухаецца да распаду, NATO павінна падрыхтаваць сваіх членаў да любых наступстваў канфлікту ці тэрытарыяльных уварваньняў.
Маючы гэта на ўвазе, заходнія ўрады павінны адначасова заявіць аб падтрымцы дэмакратыі і фэдэралізму ў Расеі, а таксама правоў рэспублік і рэгіёнаў на вызначэньне свайго сувэрэнітэту і дзяржаўнасьці.
Па меры разьвіцьця гэтага працэсу, піша аналітык, трэба будзе разьвіваць сувязі з новымі дзяржавамі і ажыцьцяўляць больш цесную каардынацыю з усімі суседзямі Расеі, якія непасрэдна пацярпелі ад разбурэньня апошняй імпэрскай канструкцыі Эўропы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.