Дата дня
11 верасьня 2016 году памёр Юры Хадыка, вучоны, мастацтвазнаўца, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
Гэты дзень у гісторыі
1918 — выйшаў дэкрэт аб увядзеньні міжнароднай мэтрычнай сыстэмы мер і вагі на тэрыторыі Беларусі, Расеі і Ўкраіны.
1942 — нацысты зьнішчылі Столінскае гета.
1973 — пачатак вайсковага путчу ў Чылі, вынікам якога стала 17-гадовая дыктатура.
2001 — адбылася тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон у ЗША. Атака была ўчыненая з дапамогай чатырох пілятаваных самалётаў унутраных авіялініяў ЗША, захопленых 19 ісламскімі тэрарыстамі. Два з самалётаў разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагону ў Вашынгтоне. Чацьвёрты самалёт, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў, не дасягнуў мэты і разьбіўся на палях Пэнсільваніі прыблізна за 15 хвілін лёту да Вашынгтону. Ахвярамі атакі сталіся 2996 чалавек, уключна з тэрарыстамі.
У гэты дзень нарадзіліся
1862 — О. Генры, амэрыканскі пісьменьнік.
1865 — Ян Райніс, латыскі паэт, драматург.
1855 — Еўдакім Раманаў, беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст.
1877 — Фэлікс Дзяржынскі, стваральнік савецкіх спэцслужбаў, ураджэнец Беларусі.
1928 — Алесь Белакоз, пэдагог, краязнаўца, удзельнік антысавецкіх пратэстаў канца 1940-х, нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1970-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
1953 — Вінцэсь Мудроў, беларускі пісьменьнік.
1972 — Алесь Пашкевіч, беларускі пісьменьнік і мовазнаўца.
1982 — Сьвятлана Ціханоўская, беларускі палітык.
У памяці
1530 — князь Канстанцін Астроскі, дзяржаўны дзеяч і гетман Вялікага Княства Літоўскага. Камандаваў войскамі ВКЛ у бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году, у якой 35 тысяч літоўска-беларускіх і польскіх ваяроў разьбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.
1841 — Міхал Рукевіч, вайсковец, удзельнік вызвольнага руху 1820-х, паліткатаржанін.
1973 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі. Альендэ быў срынуты з пасады ў выніку вайсковага перавароту, кіраванага Аўгустам Піначэтам, пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам.