У Курскай вобласьці РФ ля мяжы з Украінай напалі на супрацоўнікаў Расгвардыі. Адзін спэцназавец загінуў

Ілюстрацыйнае фота

Невядомыя напалі на супрацоўнікаў Расгвардыі ў Суджанскім раёне Курскай вобласьці, прыкладна за 9 кілямэтраў ад мяжы з Украінай увечары 9 верасьня. Адзін спэцназавец, 48-гадовы Мікалай Быкаў, быў паранены. Пазьней ён памёр у бальніцы.

Падазраваных шукаюць, аб’яўлены плян «Перахоп». Інфармацыю пацьвердзіла адміністрацыя Курскай вобласьці.

Раней стала вядома, што Расгвардыя атрымала інфармацыю аб двух узброеных мужчынах, заўважаных недалёка ад горада Суджы. Baza называе іх «украінскімі дывэрсантамі». Падчас пошукаў іх знайшлі ў лесе, завязаўся бой. Адзін расгвардзеец быў паранены. Нападнікі ўцяклі.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала Mash, сутыкненьне «магчымых украінскіх дывэрсантаў» з супрацоўнікамі Расгвардыі адбылося на блёкпосьце ля абʼязной дарогі. Расгвардзейцы паспрабавалі спыніць падазроную «Газэль» — зь яе адкрылі агонь.

Раней у Курскай вобласьці працягнулі дзеяньне «жоўтага» ўзроўню тэрарыстычнай небясьпекі да 22 верасьня. Губэрнатар рэгіёну Раман Старавойт папрасіў жыхароў паведамляць аб падазроных грамадзянах, пакінутых прадметах і бесьпілётных лятальных апаратах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным Расеяй Бярдзянску падарвалі машыну прызначанага «камэнданта»-калябаранта