У сьпіс увайшлі 43-гадовы журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык, 28-гадовы Яўген Люльковіч, 38-летні Аляксандар Курганскі, 40-гадовы Аляксей Маеўскі, 44-гадовы Дзяніс Граханаў.
Усе са згаданых, акрамя Маеўскага, былі прызнаныя палітвязьнямі.
На гэты момант у пераліку фігуруюць імёны 479 чалавек, большасьць зь іх — грамадзяне Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенага журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка этапавалі ў наваполацкую калёніюМУС паведамляе, што грамадзянам, уключаным у пералік, да пагашэньня судзімасьці і на працягу пяці гадоў пасьля яе пагашэньня забараняецца «займацца дзейнасьцю, зьвязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, пэдагагічнай дзейнасьцю, выдавецкай дзейнасьцю», а таксама «займаць дзяржаўныя пасады» і «праходзіць вайсковую службу«.
Іншаземцам, уключаным у пералік, можа быць адмоўлена ў выдачы візы або непасрэдна ва ўезьдзе ў Беларусь.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.
- Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
- Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.
- 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
- 12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму. 8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю Кузьнечыка і пакінуў прысуд бязь зьменаў.
- Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.