На піцерскіх дэпутатаў, якія прапанавалі абвінаваціць Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе, склалі пратаколы

У Санкт-Пецярбургу на пецярых дэпутатаў муніцыпальнага ўтварэньня «Смальнінскае», якія запатрабавалі ад Дзяржаўнай думы выставіць абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, склалі пратаколы аб дыскрэдытацыі расейскай арміі.

Раней дэпутатаў выклікалі ў аддзел паліцыі СМС-паведамленьнем. Адміністрацыйныя справы заведзены на Дзьмітрыя Балтрукова, Дзьмітрыя Палюгу, Мікіту Юфёрава, Івана Чабатара і Ганну Кісялёву. Яшчэ двух адпусьцілі з паліцыі без пратаколаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ЦРУ: расейскае ўварваньне ва Ўкраіну выглядае «правалам»

Дэпутаты 7 верасьня адправілі зварот у Дзяржаўную думу з патрабаваньнем выставіць Пуціну абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе з прычыны вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну. Яны патрабуюць адхіліць прэзыдэнта ад пасады, паколькі вайна, на іх думку, наносіць шкоду бясьпецы Расеі. У тэксьце звароту дэпутаты ўказалі, што ўварваньне выклікала гібель расейскіх вайскоўцаў, нанесла шкоду эканоміцы і грамадзянам, выклікала пашырэньне блёку NATO і мілітарызацыю Ўкраіны за кошт вайсковай дапамогі іншых краін. Зварот адправілі ў Савет бясьпекі Расеі і лідэрам пяці расейскіх фракцый.

  • Адміністрацыйны артыкул аб дыскрэдытацыі расейскай арміі зьявіўся неўзабаве пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Расейскія суды прызнаюць дыскрэдытацыяй паведамленьні аб вайне ва Ўкраіне, якую Масква называе «спэцыяльнай апэрацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон назваў «абнадзейлівымі» посьпехі Ўзброеных сіл Украіны каля Харкава і Херсона