Як паведамляе Reuters, за ўвядзеньне максымальна дапушчальных цэнаў на газ прагаласавалі 15 краін Эўразьвязу з 27. Размова ішла аб абмежаваньні цэнаў на любы газ, ня толькі расійскі, у сьвятле рэзкага росту цэнаў на энэргію ў Эўропе і сьвеце. Ідэю падтрымлівалі ў першую чаргу краіны Балтыі, якія палічылі, што такім чынам можна пазбавіць Расею прыбытку, зь якога яна фінансуе вайну ва Ўкраіне.
Аднак шэраг краін цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, якія працягваюць імпартаваць расейскі газ, заявілі, што такія меры могуць адрэзаць іх ад расейскіх паставак, ад якіх залежыць іх энэргетычны дабрабыт. Іншыя краіны, у тым ліку Бэльгія, усумніліся, што ўвядзеньне цэнавай столі можа дапамагчы паўплываць на Расею, паколькі тая ўжо спыніла пастаўкі газу ў Эўропу па газаправодзе «Паўночны паток-1», а пастаўкі па іншых магістралях зьнізіліся да мінімуму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ падрыхтавалі два варыянты абмежаваньня цэнаў на газ з РасеіМіністры дамовіліся распрацаваць меры ў маштабе Эўразьвязу для абмежаваньня звышпрыбыткаў ад энэргіі зь негазавых крыніц: вугальных, атамных і ветраных электрастанцый. Падрабязныя пляны Эўразьвязу будуць апублікаваныя на наступным тыдні.
- Увесьці абмежаваньні максымальнай цаны на расійскі газ у пачатку верасьня прапаноўвала кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Раней гэтая мера была ўзгоднена ў адносінах да расейскай нафты.
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней заяўляў, што ў выпадку ўвядзеньня якімі-небудзь краінамі Захаду «столі цэнаў» на расейскія энэрганосьбіты Расея спыніць цалкам іх пастаўкі ў гэтыя краіны.