Заснавальніца і СЕА кампаніі Laava Tech, якая займаецца аўтаматызацыяй і скарачэньнем энэргаспажываньня, Тацьцяна Зарэцкая стала прадстаўніцай Абʼяднанага Пераходнага Кабінэта па фінансах і эканоміцы.
Тэлеграм-канал пераходнага кабінэту дадае, што Зарэцкая — мільянэрка, рэзыдэнтка сьпісу Forbes «30 да 30».
Таксама яна ўвайшла ў штогадовы сьпіс выбітных наватараў да 35 са ўсяго сьвету ад МІТ — прэстыжнага Масачусэцкага тэхналягічнага інстытута. Яе стартап Laava Tech мае кліентаў у Эўропе, Кітаі, ЗША.
Абʼяднаны Пераходны Кабінэт патлумачыў, чым канкрэтна будзе займацца Зарэцкая:
- Прыцягваючы напрацоўкі і экспэртызу эканамічных групаў, распрацоўваць стратэгію і плянаваньне на пераходны пэрыяд. Гэта значыць прыцягненьне ў Беларусь капіталу з ЭЗ і ЗША, перадача ведаў, чалавечага капіталу, сьвежых законапраектаў у фінансавай і эканамічнай галінах новаму ўраду.
- Прадстаўляць Кабінэт і дэмакратычную Беларусь на міжнароднай фінансавай арэне, каб наладжваць адносіны з ключавымі прадстаўнікамі.
- Весьці перамовы па праграмах разьвіцьця з двухбаковымі і шматбаковымі партнэрамі, кантраляваць і забясьпечваць іх рэалізацыю.
- Каардынаваць распрацоўку фінансавага, валютнага, бухгалтарскага і бюджэтнага заканадаўства.
- Складаць і забясьпечваць бюджэт Кабінэта.
Аб'яднаны Пераходны Кабінэт Беларусі быў сфармаваны на пачатку жніўня ў Вільні. Яго ўзначаліла Сьвятлана Ціханоўская. У кабінэт увайшлі Павал Латушка (прадстаўнік у пытаньнях транзыту ўлады), Аляксандар Азараў (прадстаўнік у пытаньнях аднаўленьня правападку), Валер Сахашчык (пытаньні абароны).