8 верасьня адбылося адпрацоўваньне актыўнай фазы вучэньняў, у якой удзельнічалі вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы і Нацыянальнай паліцыі сумесна з войскамі тэрытарыяльнай абароны Ўзброеных сіл Украіны.
«Паводле легенды вучэньняў, праваахоўнікі і вайскоўцы адпрацоўваюць пытаньні інжынэрнага абсталяваньня абаронных пазыцый, а менавіта мінаваньня тэрыторый. Акрамя таго, падразьдзяленьні сумесна трэнуюцца праводзіць вызваленьне тэрыторый ад сілаў і сродкаў праціўніка і адбіваць яго контранаступ. Разам з асноўнымі навучальнымі манэўрамі падразьдзяленьні спэцпрызначэньня таксама адпрацоўваюць выяўленьне, блякаваньне і ліквідацыю ўзброеных групаў і дывэрсійна-выведвальных групаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі праводзяць новыя манэўры, якія турбуюць Украіну: вучацца «вызваляць часова захопленыя тэрыторыі»8 верасьня ў Беларусі пачалося чарговае камандна-штабное вучэньне Ўзброеных сіл, якое мае працягнуцца да 14 верасьня. На вучэньнях, сярод іншага, будуць адпрацоўваць «вядзеньне баявых (спэцыяльных) дзеяньняў у вызваленьні тэрыторыі, часова захопленай супернікам».
Ва Ўкраіне раней выказалі занепакоенасьць гэтымі вучэньнямі. Паводле прадстаўніка Генштабу УСУ Аляксея Громава, ня выключана, што пад «вызваленьнем тэрыторыі, часова захопленай супернікам» могуць мецца на ўвазе прымежныя раёны Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласьцей, бо гэта, паводле яго, «адпавядае канцэпцыі сумесных дзеяньняў узброеных сіл так званай „саюзнай дзяржавы“ на ўкраінскім кірунку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі абвінаваціла ўкраінскі Генштаб у «правакацыі» ў навіне пра беларускія манэўры