Як піша Reform.by, кампазыцыя прысьвечана беларускай палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.
«Гэта будзе твор для флейты, хору і камэрнага ансамбля на вершы беларускага паэта Андрэя Хадановіча, — патлумачыла аўтарка музыкі Вольга Падгайская. — У ім гаворыцца пра тое, што людзі сёньня схаваныя, „замураваныя“ хто дзе: хто ў турме, хто ў бамбасховішчы ў Марыюпалі, а хто — ва ўласнай нянавісьці. Выратаваць усіх можа толькі любоў. І ў творы будзе гучаць сола флейты, якое сымбалізуе нашу Машу. Такія людзі, як яна, і даюць нам сьвятло, любоў і здольнасьць жыць».
Кампазыцыя «Неба Марыі» была створана спэцыяльна для міжнароднага праекту «Кампус» (Campus), у рамках якога сёлета сустракаюцца музыканты трох краін — Беларусі, Украіны і Нямеччыны.
Арганізатарамі «Кампусу» зьяўляюцца Бэтховенскі фэстываль, пад чыёй эгідай ён праходзіць, а таксама мэдыякампанія Deutsche Welle. Музычны кіраўнік праекту — Віталь Алексяёнак, дырыгент зь Беларусі, які зараз жыве ў Нямеччыне.
«Віталь і будзе дырыгаваць мой твор, — расказала Вольга Падгайская. — Ён стане цэнтральнай прэм’ерай праграмы. Але таксама ў рамках праекту прагучыць і праца сучаснага кампазытара з Украіны Максіма Каламійца — ягоная вэрсія „Скерца“ Бэтховэна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне можна дасылаць ноты — яны так клясна гучаць у галаве». Пра што піша Марыя Калесьнікава зь менскага СІЗАЗгодна з канцэпцыяй праекту, у адной праграме з творамі Людвіга ван Бэтховена (у гэтым выпадку зь ягонай Трэцяй сымфоніяй), музыкай кампазытараў мінулых стагодзьдзяў выконваюцца творы сучасных аўтараў. У прыватнасьці, на канцэрце, акрамя «Неба Марыі» Вольгі Падгайскай, прагучаць творы для хору беларускіх аўтараў Анатоля Багатырова, Ларысы Сімаковіч і Мікалая Равенскага.
Галоўным выканаўцам музыкі беларускіх кампазытараў стане «Вольны хор», музыкі якога праз пагрозу перасьледу ў Беларусі цяпер вымушаныя жыць за мяжой.
Таксама на канцэрце выступяць хор «Канкордыя» з Варшавы, хор «Сафія» з Кіева, хор GewandhausJugendchor зь Ляйпцыга, іншыя артысты.
«Дарэчы, нам удалося паказаць ноты „Неба Марыі“ самой Машы, — расказала Вольга. — Гэта атрымалася дзякуючы дапамозе яе таты. Яна была шчасьлівая іх убачыць, перадаў ён. Можна сказаць, што Маша пачула нашае неба».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньня я буду, як і заўсёды, гучна сьмяяцца». 10 фактаў пра Марыю Калесьнікаву на волі і за кратаміПрэмʼера твора Вольгі Падгайскай адбудзецца ў былой зале пленарных паседжаньняў бундэстагу ў Боне 8 верасьня. З канцэрту будзе весьціся жывая трансьляцыя, арганізаваная партнэрам праекту, Deutsche Welle.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 хвілін на чытаньне, 30 хвілін на шпацыр. Стала вядома, як жыве Калесьнікава ў калёніі