Лукашэнка хоча трошкі астудзіць запал «ястрабаў», паказаць, што ён не такі крыважэрны на фоне іншых, — Рудкоўскі

Нарада ў Лукашэнкі аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянсва зьбеглых праціўнікаў рэжыму. Менск, 6 верасьня

Акадэмічны дырэктар БІСС (Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў) Пётра Рудкоўскі аналізуе тыя прычыны, зь якіх улады абвяшчаюць амністыю.

Пётра Рудкоўскі між іншага заяўляе, што некаторыя прапагандысты нават для людзей унутры рэжыму становяцца пэўным раздражняльнікам і перашкодай, і падкрэсьлівае, што рэжым дае выразны пасыл: «Ня думайце, што надыходзіць нейкая адліга».

Сьцісла:

  • Улады разьлічваюць, што амністыя — гэта першы крок, які дасьць, магчыма, у будучыні нейкія шанцы на кулюарныя перамовы з Захадам.
  • Некаторыя прапагандысты нават для людзей унутры рэжыму становяцца пэўным раздражняльнікам і перашкодай.
  • Лукашэнка хоча паказаць грамадзтву і Захаду, што «калі мяне не стане на чале краіны, то больш жорсткія ястрабы прыйдуць да ўлады».
  • Выгрызаць сваіх адданых кадраў, ляялістаў — гэтага сыстэма ня можа сабе дазволіць.
  • Рэжым гатовы ісьці на тыя саступкі, якія будуць ацэненыя на Захадзе, але не жадае паказваць сваю слабасьць унутры краіны.

— Улады заявілі пра амністыю да 17 верасьня, пад якую, магчыма, падпадуць і «палітычныя». Што можа азначаць гэты ход, каму і што хоча гэтым давесьці Лукашэнка?

— Пабачым, колькі сапраўды будзе вызвалена менавіта палітычных зьняволеных. Бо гэта можа быць і 20 працэнтаў ад усёй колькасьці, а можа быць і 80 працэнтаў — я не выключаю ніводнага варыянту. Вядома, менш за ўсё можна чакаць, што гэта будзе 100 працэнтаў, што вызваляць усіх палітзьняволеных.

Тут можна прывесьці некалькі чыньнікаў. Па-першае, сур’ёзнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. Эканоміка ўжо ўпала на 5 працэнтаў, да канца году гэтая лічба можа стаць яшчэ большай, нават паводле прагнозаў Эўразійскага банку разьвіцьця.

Пётра Рудкоўскі

Па-другое, унутры грамадзтва праз рэпрэсіі ўсталёўваецца нізкая матывацыя працаваць, адток прафэсіяналаў, эміграцыя, зьніжаецца падатковая база. Таму пэўны сыгнал, на думку ўлады, павінен ствараць спадзяваньне, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ўдасца неяк перазагрузіць «сацыяльны кантракт».

Іншы момант, практычна-адміністрацыйны. Гэта перагрузка пэнітацыярнай сыстэмы і завялікая нагрузка на праваахоўнікаў. Ужо раней Лукашэнка сыгналізаваў, што праз палітычныя справы больш традыцыйныя для праваахоўных органаў рэчы пачынаюць занядбоўвацца.

Яшчэ адно — астудзіць запал «ястрабаў» у прапагандысцкай і ва ўласна сілавой сфэры. Сымптомы таго, што для ўлады ёсьць праблемы з гэтым, зьявіліся ў артыкуле былога кіраўніка СТВ Казакова, дзе ён даволі далікатна намякаў, што некаторыя прапагандысты нават для людзей унутры рэжыму становяцца пэўным раздражняльнікам і перашкодай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленьне грамадзянства і амністыя ад Лукашэнкі. Відэакамэнтар Валера Карбалевіча

— Усе зьвярнулі ўвагу на словы Генэральнага пракурора Шведа, якія заявіў, што амністыі палітычных адбудзецца «нягледзячы на прынцыповую пазыцыю Генэральнай пракуратуры». Гэта яны так гуляюць у добрага і кепскага сьледчага? Ці сілавікі сталі ўжо настолькі ўплывовымі, што могуць дазваляць сабе такія камэнтары?

— Так, гэта быў цікавы момант, я тут адной інтэрпрэтацыі ня маю. Хаця, вядома, больш падобна на вашу першую вэрсію — разыгрываньне добрага і кепскага паліцыянта. Лукашэнка хоча паказаць грамадзтву і Захаду: «Глядзіце, я не такі крыважэрны. Калі мяне ня стане на чале краіны, то яшчэ больш жорсткія ястрабы прыйдуць да ўлады».

Мяркую, Шведу наўрад ці было б дазволена палемізаваць з асноўным кірункам, зададзеным Лукашэнкам. Раней здараліся эпізоды, калі ў прыватных выпадках асобнымі прадстаўнікамі намэнклятуры, напрыклад Ярмошынай, праяўлялася пэўная нязгода, але ў нейкіх бяскрыўдных справах. Але не ў такой, вельмі палітычнай і нэрвовай тэме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Рэжым пачынае размовы пра амністыю толькі тады, калі спрабуе гандляваць закладнікамі дзеля зьняцьця санкцый

— Можа, Лукашэнка адчуў, што хунвэйбіны-прапагандысты і сілавікі зашмат узялі на сябе ўвагі і паўнамоцтваў, і пабойваецца, што яны могуць палічыць сябе гаспадарамі краіны. Але ж ім давалі мэдалі, граматы — як усё павярнуць назад? Ня думаю, што Лукашэнка, як Сталін у 1930-м, можа напісаць «Головокружение от успехов» і заявіць пра перагібы на месцах.

— Так, я ня бачу такога працягу. Вядома, ёсьць сымптомы сталінізацыі сыстэмы. Але выгрызаць сваіх адданых кадраў, ляялістаў — гэтага сыстэма ня можа сабе дазволіць. Сталінская сыстэма існавала ў вялізнай краіне, дзе былі большыя магчымасьці папаўняць рэзэрвы, у Беларусі гэта няма. Ды і мэнтальнасьць беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў усё ж іншая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пробліск літасьці пасярод лявіны рэпрэсій. Навошта Лукашэнку амністыя?

— Некаторыя камэнтатары крытыкуюць «эканамічны» аргумэнт, якім тлумачыцца неабходнасьць амністыі. Бо ў выніку амністыі, відавочна, на волю ня выйдуць самыя вядомыя палітзьняволеныя і Захад ня здыме санкцый.

— Так, Захад ня зьменіць свайго стаўленьня, і думаю, што рэжыму гэта зразумела, наконт гэтага Лукашэнка ня мае ілюзіяў. Але справа не ідзе пра тое, як перажыць наступныя 3-5-10 месяцаў. Пытаньне ў больш доўгатэрміновай пэрспэктыве. Бо надыдзе час пэўных палітычных пераменаў, ініцыяваных самім рэжымам. Да 1 сакавіка павінен быць прыняты закон пра «ўсебеларускі народны сход» (УНС), пазьней дзясяткі заканадаўчых актаў трэба будзе пераглядаць, перапісваць, потым мясцовыя і парлямэнцкія выбары. А там не за гарамі ўжо і прэзыдэнцкія выбары, хаця Лукашэнка нядаўна прызнаўся, што асьцерагаецца гэтага моманту, маўляў, дарма ня ўнесьлі ў Канстытуцыю магчымасьць выбіраць прэзыдэнта на УНС.

Таму ўсё гэта робіцца з прыцэлам на наступныя гады. Яны разьлічваюць, што гэта першы крок, які дасьць, магчыма, у будучыні нейкія шанцы на кулюарныя перамовы з Захадам. Рэжым хоча перажыць гэтую эканамічную рэцэсію, якая толькі сёлета складзе 6-8 працэнтаў падзеньня. Але калі эканамічная сытуацыя будзе і надалей пагаршацца, то гэта вельмі сур’ёзна. Хто-хто, а Лукашэнка гэта разумее, ён сам прыйшоў на ўлады на хвалі незадавальненьня сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй. І ён ведае, як лёгка гэтым можна скарыстацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»

— Аб’яўленая амністыя будзе адбывацца на фоне працягу рэпрэсій, якія не зьмяншаюць сваіх маштабаў. Ці не назіраецца ў гэтым пэўная супярэчнасьць? Тым больш што рэпрэсіі закранаюць нярэдка ня тых, хто зараз робіць нешта антыўладнае, а тых, хто выходзіў у 2020 годзе. Можа, рэжыму лягічней было б прыпыніць, прыглушыць маштаб рэпрэсіяў?

— Бачна, што рэжым шле двайны пасыл. Адзін — мы, маўляў, прыслухоўваемся да грамадзтва. Але адначасова — «ня думайце, што ідзе нейкая адліга». Нават калі гаворка ідзе пра амністыю, то рэжым вельмі дбае пра тое, каб гэта не ўспрымалася як нейкае аслабленьне. На жаль, я прагназую, што рэпрэсіі будуць працягвацца ў той ці іншай форме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС раскрыў дэталі законапраекту аб пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу», і забароне ўезду ў краіну да 30 гадоў

— Вы згадалі прэзыдэнцкія выбары і словы Лукашэнкі, шкада, маўляў, што ня ўнесьлі ў Канстытуцыю варыянт выбараў прэзыдэнта на «ўсебеларускім сходзе». Ці гэта проста праверка рэакцыі, ці ён сапраўды сасьпеў да таго, каб нават юрыдычна пакончыць з усімі гэтымі фармальна дэмакратычнымі працэдурамі?

— Выглядае, што гэта проста такая экспрэсія Лукашэнкі, чалавека, які вельмі часта прагаворвае свае ўнутраныя адчуваньні і жаданьні, ён ніколі ня стрымліваў сябе ў гэтым. Бо, каб гэта ўсё зьмяніць, трэба ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю, якую нядаўна прынялі. Гэта вельмі клопатная рэч, якая да таго ж будзе вельмі спэцыфічна ўспрымацца ў грамадзтве і намэнклятуры.

— Акрамя амністыі, аб’яўлена і ідэя пазбаўленьня грамадзянства «ворагаў дзяржавы», «беглых». Як гэта можна ажыцьцявіць, калі Канстытуцыя забараняе пазбаўляць грамадзянства?

— Шмат што абвяшчаецца на ўзроўні запалохваньня. Гэта як расейская прапаганда ўвесь час намякае то на ядзерную зброю, то на іншыя страшэнныя наступствы. Я не выключаю, што адзінкавыя спробы пазбавіць грамадзянства будуць, але ня думаю, што масава. Выйсьці з рамак закону ў такім пункце будзе надзвычай сур’ёзным перагібам. Асабліва ў міжнародным пляне, калі рэжым разьлічвае ў пэрспэктыве дабіцца нейкага скасаваньня санкцыяў.

Такая рыторыка (пра пазбаўленьне грамадзянства) дапамагае маскаваць паслабленьне і саступкі, зьвязаныя з амністыяй. Рэжым гатовы ісьці на тыя саступкі, якія будуць ацэненыя на Захадзе, але не жадае паказваць сваю слабасьць унутры краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад рэпрэсій да амністый. Калі дэспатычныя рэжымы перастаюць помсьціць пераможаным ворагам