Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Дзьмітры Лубінец паведаміў, што расейскі бок вярнуў зьнявечанае цела грамадзяніна Вялікай Брытаніі Пола Уры, пра сьмерць якога ў палоне на акупаванай тэрыторыі Данецку стала вядома ў ліпені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Данецку ў расейскім палоне памёр брытанскі валянтэр. Сваякі падазраюць, што яго катавалі«У ліпені мы бачылі заявы расейскіх прапагандыстаў пра сьмерць Уры „у выніку хваробы і стрэсу“, а сёньня, 7 верасьня, мы атрымалі зьнявечанае цела. Канчатковую прычыну сьмерці Пола Уры пацьвердзіць судова-мэдычная экспэртыза, паведамілі ў амбасадзе Вялікай Брытаніі ва Ўкраіне. Як амбудсмэн сёньня магу з усёй адказнасьцю сказаць, што такая сьмерць была гвалтоўнай. Такія катаваньні чалавек проста не вытрымае. Я бачыў фота цела загінулага і сумневаў няма», — напісаў Лубінец у сваім Telegram-канале.
Ён адзначыў, што «забойства добраахвотніка Пола Уры праз катаваньні — гэта ваеннае злачынства, якое будзе яшчэ адным доказам падчас суду над расейскім палітычным і вайсковым кіраўніцтвам, доказам у трыбунале для Пуціна».
«Расейская Фэдэрацыя чарговы раз паказала сьвету свой людажэрны твар», — адзначыў амбудсмэн Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны: Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй