Reuters: ЭЗ і ЗША павялічылі закупкі нікелю і алюмінію ў Расеі

Алюмініевыя зьліткі з заводу «Русал» у Краснаярску. Ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз і ЗША павялічылі закупкі асноўных прамысловых мэталаў у Расеі, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне.

Аб гэтым піша Reuters.

Згодна з базай дадзеных ААН адносна статыстыкі гандлю, на якую спасылаецца агенцтва, імпарт у ЭЗ і ЗША алюмінію і нікелю за сакавік–чэрвень 2022 году вырас на 70 працэнтаў. За гэты пэрыяд ЭЗ і ЗША закупілі ў Расеі гэтых мэталаў амаль на 2 мільярды даляраў.

На думку Reuters, павелічэньне імпарту мэталаў з Расеі сьведчыць аб складанасьцях, зь якімі сутыкаецца Захад, спрабуючы аказаць ціск на эканоміку Расеі, каб зьнізіць даходы Крамля на вядзеньне вайны.

Захад увёў мноства санкцый у дачыненьні да паставак шырокага кола расейскіх тавараў, аднак яны амаль не закранулі сэктар прамысловых мэталаў, адзначае агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз вырашыў адмяніць спрошчаны візавы рэжым для грамадзян Расеі

На Расею прыпадае каля 10 працэнтаў сусьветнага аб’ёму вытворчасьці нікелю, прыдатнага для вытворчасьці акумулятараў. «Русал» — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца алюмінію за межамі Кітаю, ён забясьпечвае каля 6 працэнтаў сусьветнай вытворчасьці.

На працягу чатырох месяцаў пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Эўразьвяз купіў на 13 працэнтаў больш алюмінію і на 22 працэнты больш нікелю з Расеі. ЗША павялічыў імпарт гэтых мэталаў з Расеі адпаведна на 21 працэнт і на 70 працэнтаў.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў Reuters, што не выключаюць, «што кошт неапраўданай вайны Пуціна супраць Украіны ўзрасьце». У ЭЗ не адказалі на запыт агенцтва пра павелічэньне гэтых закупак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы контратакавалі на Харкаўшчыне, вызвалілі чарговыя населеныя пункты на поўдні краіны