29 чэрвеня на працэсе быў аб’яўлены перапынак ня менш як на два месяцы ў сувязі з правядзеньнем экспэртызы.
Суд пачаўся 6 чэрвеня. Пасяджэньні пад старшынствам судзьзі Менскага абласнога суда Вячаслава Тулейкі праходзяць у будынку суда Менскага раёна. Абвінавачаныя — галоўны рэдактар і дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзьмітрый Наважылаў, былы намесьнік дырэктара мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна.
Фігуранты справы абвінавачваюцца ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрадзе дзяржаве» (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў, Злобіна, якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў). Усе чацьвёра прызнаны палітвязьнямі.
Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года, Леўшына і Наважылаў — 18 жніўня таго ж года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ўзялі шлюб у СІЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судовы працэс у «справе БелаПАН» прыпынены мінімум на 2 месяцыСудзьдзя Тулейка вядомы суровымі прысудамі па справе анархістаў Ігара Аліневіча (20 гадоў пазбаўленьня волі), Сяргея Раманава (20), Дзьмітрыя Разановіча (19) і Дзьмітрыя Дубоўскага (18).