Падчас нарады міністар унутраных спраў Кубракоў раскрыў дэталі законапраекту аб зьменах у закон «Аб грамадзянстве».
«Уводзіць абавязак грамадзянам рэспублікі інфармаваць кампэтэнтныя органы аб набыцьці грамадзянства замежнай дзяржавы або атрыманьні віду на жыхарства або іншага дакумэнта замежнай дзяржавы, які дае права на льготы або іншыя перавагі (напрыклад, „карты паляка“)», — заявіў на нарадзе міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.
«Прадугледжваецца магчымасьць страты асобай, якая знаходзіцца за межамі Беларусі, беларускага грамадзянства, набытага ў тым ліку і паводле нараджэньня, пры наяўнасьці выраку суду Рэспублікі Беларусь, які набыў законную моц, пацьвярджае ўдзел такой асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьня ёй цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь згодна зь пералікам артыкулаў, якія будуць выкладзеныя ў законе.
Прапануецца, што такое рашэньне будзе прымацца кіраўніком дзяржавы па прапанове камісіі ў пытаньнях грамадзянства. У далейшым адносна „экстрэміста“, які страціў грамадзянства Беларусі, прапануецца прымаць рашэньне аб забароне ўезду ў краіну на тэрмін да 30 гадоў. МУС разьлічвае на прафіляктычны эфэкт гэтай заканадаўчай ініцыятывы», — сказаў міністар Кубракоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»